Бюджэт Беларусі за студзень-травень выкананы з дэфіцытам
Бюджэт сектара дзяржкіравання Беларусі ў студзені-траўні 2021 года выкананы з дэфіцытам у памеры 0,1% ВУП, распавялі ў Еўразійскім Банку развіцця (ЕАБР). Гэты паказчык уключае ў сябе рэспубліканскі бюджэт, мясцовыя бюджэты і дзяржаўны пазабюджэтны фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Як адзначае «Еўрарадыё», у мінулым годзе за першыя пяць месяцаў бюджэт склаўся прафіцытным — гэта значыць, зараблялі больш, чым трацілі. У гэтым годзе «фармаванне дэфіцыту тлумачыцца нарошчваннем выдаткаў прыкладна на 0,9 адсоткавых пункта ВУП пры невялікім павелічэнні даходаў», — патлумачылі ў ЕАБР.
Вялікія выдаткі ў пачатку года былі звязаныя з ростам капітальных укладанняў і, верагодна, з'яўляюцца следствам падтрымкі асобных дзяржпрадпрыемстваў, адзначылі ў банку.
Раней ЕАБР прагназаваў істотнае запаволенне тэмпаў росту ВУП Беларусі ў другім паўгоддзі гэтага года, а таксама гадавую інфляцыю звыш 9%. Нацбанк пакуль разлічвае, што цэны па выніках года вырастуць не больш чым на 7%.