Беларуская эканоміка ўвайшла ў рэцэсію
Эканоміка Беларусі ў траўні працягнула падзенне. З улікам зніжэння ВУП у снежні мінулага года можна канстатаваць — беларуская эканоміка ўвайшла ў рэцэсію.
Як сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за 5 месяцаў бягучага года валавы ўнутраны прадукт знізіўся на 3 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У грашовым выражэнні ВУП склаў 321,251 трлн рублёў.
У студзені беларуская эканоміка знізілася на 0,4 %, за студзень-люты — на 0,6 %, за студзень-сакавік — на 2 %, за студзень-красавік — на 2,6 %.
Выпуск прамысловай прадукцыі за студзень-май склаў 288,573 трлн рублёў, што на 7,7 % менш, чым за аналагічны перыяд 2014 года. Пры гэтым запасы гатовай прадукцыі склалі 38,17 рублёў — 82 % да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці.
Выпуск сельскагаспадарчай прадукцыі гаспадаркамі ўсіх катэгорый уласнасці вырас на 3,2 % да 32,6 трлн.
Аптовы тавараабарот знізіўся на 0,7 % - да 242,8 трлн рублёў. Рознічны тавараабарот павялічыўся на 1,2 % і склаў 134,5 трлн. Інвестыцыі ў асноўны капітал скараціліся на 0,8 % да 75,3 трлн.
ВУП Беларусі ў 2014 годзе вырас на 1,6 % пры афіцыйным макропрогноза ў 3,3 %. Прырост ВУП у 2015 годзе запланаваны на ўзроўні 0,2 – 0,7 %.
Іншага меркавання прытрымліваюцца міжнародныя фінансавыя інстытуты. МВФ прагназуе падзенне беларускай эканомікі на 2,3 %, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — на 2,5 %. Паводле ацэнак Сусветнага банка, сітуацыя будзе яшчэ горш — мінус 3,5 %. Салідарныя з СБ і эканамісты беларускага Даследчага цэнтра ІПМ.
Больш аптымістычныя прагнозы ў Еўразійскага банка развіцця — ВУП Беларусі скароціцца ў 2015 годзе на 1 – 2 % у параўнанні з 2014 годам.
У Мінэканомікі зніжэнне валавога ўнутранага прадукту ў бягучым годзе патлумачылі пагаршэннем знешнеэканамічнай абстаноўкі.