Бізнес-супольнасць прапанавала Міністэрству эканомікі вярнуць да выканання каля 40 нерэалізаваных пунктаў дырэктывы прэзідэнта № 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні
дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь", паведаміў на прэс-канферэнцыі 5 лютага сустаршыня саюза юрыдычных асоб "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальнікаў" (РКП)
Віктар Маргелаў.
Паводле яго слоў, праца ў гэтым кірунку пачала весціся пасля леташняга сходу саюза некамерцыйных арганізацый "Канфедэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў" з
удзелам віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі.
"Мінэканомікі бадзёра зрабіла справаздачу, што са 133 пунктаў плана рэалізацыі мерапрыемстваў дырэктывы № 4 выканана 120, а 13 знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі ў 2013 годзе,
— сказаў сустаршыня РКП. — Тады мы сабралі экспертны савет і з пункту гледжання бізнесу падрабязным чынам ацанілі рэалізацыю мерапрыемстваў урадам і Нацбанкам. Згодна з нашымі
заключэннямі атрымалася, што поўнасцю выкананымі можна назваць 25 пунктаў плана, у большай ступені гатоўнасці — 24. Астатнія пункты або наогул не выконваліся, або на пачатковай стадыі
працы".
Паводле слоў Маргелава, Мінэканомікі рыхтуе план развіцця прадпрымальніцтва на 2013—2015 гады, "разумеючы, што рэалізацыя дырэктывы № 4 у ступары". Эксперты
бізнес-супольнасці прапанавалі ўнесці некаторыя нерэалізаваныя пункты прэзідэнцкай дырэктывы ў ствараны план, і, як адзначыў сустаршыня РКП, урад падтрымаў такую ініцыятыву. "Сёння мы
прапаноўваем вярнуць 37 пунктаў плана рэалізацыі дырэктывы. Большасць пунктаў прапаноўваем унесці нават не змяняючы іх рэдакцыю, частку — са змяненнямі", — адзначыў
Маргелаў.
Пералік пунктаў, якія неабходна вярнуць да выканання, кіраўніцтва РКП 5 лютага лістом накіравала ў Мінэканомікі. "Але гэта далёка не ўсё, што трэба зрабіць нават у плане
рэалізацыі дырэктывы. Многія пытанні былі ўпушчаны яшчэ раней урадам. Праца над дапаўненнем ліста ідзе, і на працягу аднаго або двух дзён мы адашлем у міністэрства яшчэ адзін ліст з палажэннямі, у
тым ліку з праекта Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі — 2013", — заявіў Маргелаў.Захар Шчарбакоў, БелаПАН