Беларускія ўлады абмежавалі вываз з краіны цыбулі, капусты і яблыкаў

Урад Беларусі ўводзіць ліцэнзаванне экспарту цыбулі, капусты і яблыкаў. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Савета Міністраў. Рашэнне замацавана пастановай Саўміна №70 ад 4 лютага, адзначае Reform.by.

421112.jpg

У адпаведнасці з пастановай, вываз цыбулі, капусты белакачаннай і яблыкаў незалежна ад краіны паходжання за межы Беларусі будзе рабіцца па разавых ліцэнзіях. Іх упаўнаважаны выдаваць МАРГ па ўзгадненні з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамамі.

Галоўная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і абароне раслін зможа выдаваць фітасанітарныя сертыфікаты на названыя тавары толькі пры наяўнасці разавай ліцэнзіі.

Ліцэнзаванне не будзе распаўсюджвацца на вываз у краіны ЕАЭС, а таксама ва ўсе дзяржавы для аказання міжнароднай гуманітарнай дапамогі на падставе рашэнняў урада. Акрамя таго, дзеянне пастановы не распаўсюджваецца на транзітныя тавары.

Пастанова ўступіць у сілу са дня яе апублікавання і будзе дзейнічаць на працягу трох месяцаў. Дакумент пакуль не апублікаваны. Нагадаем, раней Савет Міністраў устанавіў гранічныя рознічныя цэны на бульбу, капусту, цыбулю, буракі, моркву і яблыкі беларускай вытворчасці.

У МАРГ патлумачылі ўведзеныя абмежаванні — логіка ў тым, што чыноўнікі асцерагаюцца вывазу гэтых тавараў у суседнія краіны, дзе на іх выраслі кошты. Нагадаем, у 2021 годзе ў Беларусі прыкметна ўпала сельгасвытворчасць, менш сабралі ў тым ліку гародніны.