Банкі асцерагаюцца новай дэвальвацыі, насельніцтва акуратна сплачвае даўгі
Абмежаванні Нацбанка забіваюць рынак спажывецкага крэдытавання. Беларусы больш вяртаюць банкам, чым бяруць у іх у пазыку.
У канцы жніўня НБРБ абмежаваў прадастаўленне рублёвай ліквіднасці банкаўскай сістэме. З тых часоў часовая забарона на выдачу крэдытаў авернайт неаднаразова падаўжалася. У апошні раз дэдлайн быў усталяваны па 19 студзеня 2021 года. Улады баяцца, што насычэнне банкаўскай сістэмы рублямі разбурыць і без таго хісткую стабілізацыю, якая прыйшла на фінансавы рынак пасля жнівеньскіх падзей, пішуць banki24.by.
Апытанні Нацбанка і незалежных даследчых структур паказваюць, што ў беларусаў захоўваюцца высокія інфляцыйныя чаканні. Захаванне высокіх інфляцыйных чаканняў адлюстроўваецца ў стаўках па дэпазітах і крэдытах. Стаўкі па рублёвых укладах для фізічных асоб цяпер дасягаюць 20,5% гадавых, па рублёвых спажывецкіх крэдытах насельніцтву — 35-39%.
Высокія стаўкі па крэдытах паказваюць, што банкі страхуюцца ад рызыкаў новай дэвальвацыі беларускага рубля.
Беларуская эканоміка знаходзіцца ў вельмі аслабленым стане. Суверэнны рэйтынг краіны на ўзроўні «В» з негатыўным прагнозам ад Fitch і S&P кажа сам за сябе. Цяпер нават у ваюючай Украіне сітуацыя з прагнозам рэйтынгу лепшая, чым у Беларусі.
У сувязі з гэтым цалкам заканамерным выглядае зніжэнне доўгу па крэдытах на спажывецкія патрэбы. Паводле інфармацыі Нацбанка, гэтая запазычанасць беларусаў скарачаецца ўжо 3 месяцы запар. Іншымі словамі, беларусы пагашаюць больш крэдытаў, чым ім выдаюць банкі.
Калі на 1 верасня доўг па крэдытах на спажывецкія патрэбы складаў 5,884 млрд BYN, то на 1 кастрычніка ён упаў да 5,789 млрд BYN, на 1 лістапада — да 5,668 млрд BYN, на 1 снежня — да 5,589 млрд BYN. То-бок, за тры месяцы беларусы вярнулі банкам каля 300 млн рублёў.
Спажыўкрэдыты насельніцтву больш за 10 гадоў запар выдаюцца толькі ў беларускіх рублях. Таму ў 2020 годзе запазычанасць фізічных асоб намінаваная выключна ў нацыянальнай валюце.
Зніжэнне доўгу назіраецца па ўсіх рэгіёнах. Так, у Мінску запазычанасць па спажыўкрэдытах на 1 снежня апусцілася да 1,455 млрд BYN (супраць 1,511 млрд BYN на 1 верасня). У Брэсцкай вобласці беларусы завінаваціліся банкам 684,8 млн BYN, у Віцебскай — 638,2 млн BYN, у Гомельскай — 751,6 млн BYN, у Гродзенскай — 513,8 млн BYN, у Мінскай — 952,9 млн BYN, у Магілёўскай-592,1 млн BYN.
Пратэрміноўка па спажывецкіх крэдытах застаецца даволі нізкай. На 1 кастрычніка яна склала 53,3 млн BYN (супраць 34,6 млн BYN годам раней). У адносным выразе таксічныя спажыўкрэдыты складаюць менш за 1%, —0,95% — ад усёй масы такіх пазык.