Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі перавысіла 1,3 млрд. долараў ЗША

Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі Беларусі за студзень—ліпень 2015 года вырасла да 1 млрд. 312,2 млн. долараў ЗША з 1 млрд. 125,9 млн. долараў у студзені—чэрвені. У студзені—ліпені 2014 года адмоўнае сальда складала 1 млрд. 448,1 млн. долараў.



saldo_245.jpg

Як паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт, знешнегандлёвы абарот таварамі за студзень—ліпень 2015 года склаў 33 млрд. 647,4 млн. долараў, на 25,8% менш, чым у студзені—ліпені 2014-га. Экспарт у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года скараціўся на 26,3% (да 16 млрд. 167,6 млн. долараў), імпарт — на 25,3% (да 17 млрд. 479,8 млн. долараў). 


Экспарт тавараў у краіны СНД у студзені—ліпені 2015 года паменшыўся на 35,4% (да 8 млрд. 98,3 млн. долараў), імпарт — на 24,7% (да 10 млрд. 684,3 млн. долараў). Агульны тавараабарот з краінамі СНД скараціўся на 29,7% (да 18 млрд. 782,6 млн. долараў). Адмоўнае сальда ў гандлі з краінамі СНД склала 2 млрд. 586 млн. долараў. У студзені—ліпені 2014 года адмоўнае сальда з СНД складала 1 млрд. 644,8 млн. долараў. 


Экспарт тавараў у Расію за сем месяцаў гэтага года знізіўся на 32,7% і склаў 5 млрд. 997,3 млн. долараў, імпарт — на 22,9% да 10 млрд. 27,1 млн. долараў. Сальда, як і ў студзені—ліпені 2014 года, было адмоўным (4 млрд. 29,8 млн. і 4 млрд. 81,9 млн. долараў адпаведна). Агульны тавараабарот з Расіяй ацэньваецца Белстатам у 16 млрд. 24,4 млн. долараў (на 26,9% менш). 


Экспарт у краіны Еўрапейскага саюза знізіўся на 21% да 5 млрд. 499,3 млн. долараў, імпарт — на 39,1% да 3 млрд. 317,6 млн. долараў. Тавараабарот знізіўся на 28,9% да 8 млрд. 816,9 млн. долараў. 


Сальда гандлю таварамі з краінамі ЕС у студзені—ліпені 2015 года было станоўчае — 2 млрд. 181,7 млн. долараў (у студзені—ліпені 2014-га — 1 млрд. 514,9 млн.).
Марына Носава, БелаПАН