Вечны «мытар»: Ад нямецкай управы да Жыровіцкай семінарыі

Ці можна адслужыць судовым выканаўцам пры паляках, чыноўнікам гарадской Управы пры немцах, а ўрэшце выкладаць Канстытуцыю СССР… праваслаўным семінарыстам у Жыровічах? Можна. Пра гэта сведчыць незвычайны лёс гродзенца Мікалая Місюка.

Сяргей Белаблоцкі і Мікалай Місюк (справа), даваеннае фота

Сяргей Белаблоцкі і Мікалай Місюк (справа), даваеннае фота

Мы пісалі пра загадкавы жыццёвы шлях Аўгусціна Судаплатава («Новы час» №33), які з савецкага настаўніка і франтавіка пераўтварыўся ў аднаго з топавых функцыянераў РПЦ МП у паваенны час. Сёння наш герой — значна больш сціплы персанаж, але ад таго не менш цікавы. Гэта чыноўнік, які служыў усім уладам, што пабывалі на Заходняй Беларусі ў ХХ стагоддзі ды ўрэшце апынуўся, як і Судаплатаў, у апараце праваслаўнай царквы.


«Мытар» пры Польшчы

Мікалай Філіпавіч Місюк нарадзіўся ў 1897 годзе ў Беластоку ў сям’і чыгуначніка. На 1915 год яго бацька быў галоўным кандуктарам станцыі Беласток Паўночна-Заходніх чыгуначных шляхоў. Улетку 1915-га маці з дзецьмі была эвакуяваная ўглыб Расіі. Сам жа Мікалай Місюк у 1917-м служыў у Гатчыне ў адным з расійскіх палкоў альбо ў вайсковай вучэльні. Там ён і сустрэў падзеі рэвалюцыі. Зрэшты, чым ён займаўся падчас Грамадзянскай вайны — невядома.

Мікалай Місюк у 1917 годзе, Гатчына

Мікалай Місюк у 1917 годзе, Гатчына


У першай палове 1920-х гадоў сям’я вярнулася ў родны горад, які знаходзіўся ў складзе Польшчы. Ужо ўвосень 1922 года Мікалай працаваў на вайскова-гаспадарчым прадпрыемстве па харчовым забеспячэнні ІІІ Вайсковай акругі ў вёсцы Ласосна пад Гродна. У 1929-м ён ажаніўся з Надзеяй Белаблоцкай, якая паходзіла з мясцовай заможнай інтэлігенцыі. Тады ж Місюк уладкаваўся чыноўнікам у гарадскі магістрат. Пэўны час ён — адміністратар нерухомасці Прэабражэнскіх, якія трымалі ў Гродна некалькі немалых дамоў: фактычна, эканом альбо ўпраўляючы.

Ліст старшыні Акругова суду да судовага выканаўцы Місюка, 1933 год

Ліст старшыні Акругова суду да судовага выканаўцы Місюка, 1933 год

Ад 1933 года Мікалай Місюк займаў пасаду секвестатара. Хто гэта? Чыноўнік, які займаўся зборам падаткаў і запазычанасцяў. Сённяшнімі словамі — судовы выканаўца. Каб разумець, як ставіліся да секвестатараў у міжваеннай Заходняй Беларусі, дастаткова пачытаць Янку Брыля, які інакш як «абдзірачамі» прадстаўнікоў гэтай прафесіі не называў. Да секвестатараў мясцовыя ставіліся прыкладна гэтак жа, як да паліцыі ці солтысаў. Напрыклад, са збіцця сялянамі секвестатараў пачалося Навасёлкаўскае паўстанне на Кобрыншчыне ў 1933 годзе, патопленае ўладамі ў крыві.

Мікалай Місюк — секвестатар, 1930-я

Мікалай Місюк — секвестатар, 1930-я

Нейкі час Місюк таксама займаў пасаду рэферэнта крымінальна-адміністратыўнага Рэферата Адміністратыўнага аддзелу пры Гродзенскім старостве. З гэтай працы ў сямейным архіве збераглася нават візітоўка і кабінетная шыльдачка: іх ніхто не выкідаў!

Міжваенная візітка і кабінетная шыльдачка Місюка

Міжваенная візітка і кабінетная шыльдачка Місюка


Службовец нямецкай управы і савецкі чыноўнік

Надышоў 1939 год, у горадзе ўладу ўзялі так званыя «Першыя Саветы». Прыйшла «чорная гадзіна» не толькі для польскіх вайскоўцаў. У лясах пад Гродна расстрэльвалі нават скаўтаў з манашкамі, інтэлігенцыю ды чыноўнікаў масава высылалі ў Сібір, не кажучы ўжо пра «ненавісных працоўнаму народу» секвестатараў. Але сям’ю Місюкоў рэпрэсіі абмінулі. Больш за тое, Мікалай надалей працягваў працаваць чыноўнікам — у гродзенскім Гаркамунгасе. Зрэшты, Саветы затрымаліся ў горадзе ненадоўга…

А што пры немцах? Мікалай Місюк з 1941 па 1944 гады зноў працаваў чыноўнікам — ужо ў створанай акупацыйнымі ўладамі гарадской управе (Stadtverwaltung Grodno). На лістапад 1941-га ён — кантралёр гандлёва-прамысловай палаты. Цікава, што сям’я пасля вяртання Саветаў у 1944-м надалей захоўвала нямецкія дакументы і працоўныя даведкі. Няўжо не баяліся чарговай хвалі рэпрэсіяў?...

Службовая даведка, выдадзеная Місюку гродзенскім бургамістрам, 8 ліпеня 1941 года

Службовая даведка, выдадзеная Місюку гродзенскім бургамістрам, 8 ліпеня 1941 года

Са жніўня 1944 па 1946 год Мікалай Місюк — зноў савецкі чыноўнік. Працаваў у Гродзенскім абласным фінансавым аддзеле Упраўлення падаткаў і збораў Наркамата фінансаў БССР. Спачатку ён — інспектар гарадскіх падаткаў, пазней — старшы інспектар, і ўрэшце — старшы рэвізор па падатках. За гэты перыяд ён шматкроць атрымліваў падзякі, граматы і грашовыя прэміі за выкананне плану па падатках.

Цікава, што ў архіве Місюка захаваліся рукапісныя нататкі пра спагнанне падатку са служыцеляў культу: ксяндза Альшанскага з Жалудку ды ксяндза Казіміра Арлоўскага з Адамавічаў (тады Сапоцкінскі, а сёння Гродзенскі раён). Дарэчы, першага з іх — Арлоўскага — у 1950-м рэпрэсавалі, ён адседзеў пяць гадоў у лагеры. На той момант падатковы ціск лічыўся адной з «мяккіх» формаў барацьбы з рэлігіяй і яе служыцелямі.

Разлік падаткааблкаладання на ксяндза Арлоўскага, 1945 год

Разлік падаткааблкаладання на ксяндза Арлоўскага, 1945 год

Але самае цікавае нават не гэта. Калі зірнем у працоўную кніжку Мікалая Філіпавіча, мы ўбачым, што агульнага стажу на 1944 год у яго 26 гадоў. З іх «24 пацверджана дакументамі, 2 з ягоных словаў». Што атрымліваецца? Савецкая ўлада залічыла ўсе месцы працы, дзе Місюк быў з 1918 па 1944-ы… А гэта і служба пры Польшчы (секвестатар, рэферэнт карна-адміністратыўнага аддзелу), і служба ў нямецкай Управе! Неймаверна? Факт. Альбо на ўвазе маецца зусім іншая служба, пра якую ўзгадваць не прынята?..

Старонка працоўнай кніжкі Мікалая Місюка

Старонка працоўнай кніжкі Мікалая Місюка


«…Вучэнне аб несмяротнасці душы»

І тут — цікавы паварот. Ад апошняй пасады (гэта месца бухгалтара на чыгунцы, дзе Мікалай Філіпавіч прапрацаваў зусім нядоўга), ён вызвалены «ў сувязі з сыходам у Духоўную акадэмію г. Ленінград» — так значыцца ў працоўнай кніжцы. Так, у 1948-м наш герой паступіў у Ленінградскую праваслаўную духоўную акадэмію. Пачаўся новы перыяд яго жыцця, які, зрэшты, мог быць лагічным працягам папярэдніх.

23 чэрвеня 1953 года Місюку было прысвоенае званне кандыдата багаслоўя І разраду (дысертацыя на тэму «Хрысціянскае вучэнне аб несмяротнасці душы»). Пасля абароны дысертацыі ён — прафесарскі стыпендыят пры Кафедры Дагматычнага багаслоўя, а пад канец года атрымаў дыплом аб сканчэнні ЛДА №7.

У 1953-м Місюк зноўку вярнуўся на радзіму: гэтым разам ужо выкладчыкам Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Больш за тое, ён — сакратар праўлення МДС! Фактычна, ён быў першым выкладчыкам семінарыі ў Жыровічах, які атрымаў адукацыю ў адроджанай пасля вайны Ленінградскай духоўнай акадэміі. На гэтай пасадзе Мікалай Філіпавіч Місюк прабыў да 1959 года. Апошнія экзамены ён прымаў ужо немаладым і цяжка хворым (здаецца, меў рак), а з кабінету ў кабінет яго пад рукі вадзілі семінарысты.

Мікалай Місюк — выкладчык у семінарыі, 1950-я гады

Мікалай Місюк — выкладчык у семінарыі, 1950-я гады


Педант

Цікава зірнуць на ўспаміны пра нашага героя з вуснаў тагачаснага студэнта, а пазней пратаерэя і прафесара МДС Віталя Антоніка:

«…Мікалай Філіпавіч выкладаў Канстытуцыю СССР (быў такі прадмет), гісторыю расколу (і такое было!), гісторыю Рускай Праваслаўнай Царквы… Выкладчыкаў такога тыпу раней называлі педантамі. Матэрыял ён выкладаў літаральна па тэксце падручніка, як кажуць, без запінкі. Ад нас патрабаваў падрабязных адказаў. Мы заўжды здзіўляліся яго прыўкраснай памяці і начотніцтву. Толькі з часам мы зразумелі, што такая манера выкладання мела свае прычыны: запужаны слежкай і наглядам з боку ўладаў, Мікалай Філіпавіч строга трымаўся тэксту падручніка, ні на ёту не адступаў ад яго».

У 1959-м Мікалай Місюк, атэставаўшы ўсіх студэнтаў, паехаў паміраць у Гродна. Там ён быў пахаваны на Старых праваслаўных могілках на вуліцы Антонава. Ягоны дом па вуліцы Рэйманта, 13 стаіць дагэтуль. Па падручніку аўтарства Місюка ў Жыровіцкай семінарыі вучацца і зараз: «Православное нравственное богословие для 2-го курса Минской духовной семинарии. Основные понятия нравственного богословия» / Н. Ф. Мисюк. — Жировичи, 2008. — 88 с.

Выпуск Жыровіцкай семінарыі 1950–1954 гады, Місюк сярод выкладчыкаў

Выпуск Жыровіцкай семінарыі 1950–1954 гады, Місюк сярод выкладчыкаў


Замест эпілогу

Падобны лёс для савецкага часу можна лічыць унікальным. Ані наш герой, ані чальцы ягонай сям’і так і не трапілі пад рэпрэсіі: ні ў 1939–1941-м, ні пасля 1944 года. Ці маглі адпаведныя органы не ведаць пра пасады Мікалая Місюка ў даваеннай Польшчы ды нямецкай управе ў часы вайны? У рэаліях, калі правяралі і пераправяралі кожнага, а ў Сібір можна было паехаць адно за тое, што перавозіў немцаў на пароме праз Нёман, — наўрад ці. Пры гэтым у сваім архіве Мікалай Філіпавіч захаваў поўны камплект дакументаў за ўсе часы!

Што ж атрымліваецца? Варыянт першы: нашаму герою неймаверна шчасціла праз усё жыццё, а яго педантычнасць і службовыя навыкі цаніла кожная наступная ўлада. Наўрад ці пры гэтым ён сам меў сантыменты хоць да адной з іх — палякаў, немцаў, саветаў… У рэаліях бурлівага ХХ стагоддзя ўсё гэта ўспрымалася як часовыя, амаль каляндарныя, з’явы.

Мікалай Місюк, 1926 год

Мікалай Місюк, 1926 год

Варыянт другі: на нейкім этапе, магчыма, яшчэ ў часы Грамадзянскай вайны, магчыма пазней, Місюк пайшоў на супрацу з савецкімі органамі. Там, вядома, таксама цанілі педантычнасць і службовыя навыкі… Тады ўсё ўстае на свае месцы: у новаствораных падкантрольных уладзе царкоўных інстытутах вельмі патрэбныя былі свае людзі. Так Мікалай Філіпавіч і трапіў спачатку ў духоўную акадэмію, пасля — у Жыровіцкую семінарыю. І момант з залічаным працоўным стажам таксама ўпісваецца ў гэтую тэорыю.

Як і ў выпадку з фантастычнай кар’ерай Аўгусціна Судаплатава, мы не можам нічога сцвярджаць адназначна. Архівы закрытыя: ёсць адно здагадкі ды ўскосныя сведчанні. Хай гэты матэрыял будзе яшчэ адным пытальнікам у капілку найноўшай гісторыі Праваслаўнай Царквы ды яшчэ адным паўсцёртым партрэтам на абліччы старога Гродна.

Фота з архіву сям’і Місюкоў (зараз у прыватнай калекцыі)