Праваслаўная трагедыя

Ці здольная РПЦ зрабіць тое, да чаго заклікае паству, — пакаяцца?

Фота www.ocdn.eu

Фота www.ocdn.eu

«Святы Сінод Рускай праваслаўнай царквы вырашыў перапыніць еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам», — такі вынік пасяджэння Святога Сіноду ў Мінску. Прынамсі, так сказаў старшыня аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

Менавіта такім чынам РПЦ адрэагавала на намер Усяленскага патрыярха надаць аўтакефалію Украінскай праваслаўнай царкве. Масква не згодная з вывадам з-пад кантролю вялікай часткі «сваёй» паствы.

Што азначае «перапыненне еўхарыстычных зносінаў»? Яно азначае, што святары РПЦ прыпыняюць памінанне патрыярха Канстанцінопальскага ў набажэнствах Рускай праваслаўнай царквы. Вернікам і шараговым святарам не дазваляецца здзяйсняць службы са святарамі Усяленскага патрыярхату і наведваць храмы гэтага Усяленскага патрыярхату.

Сапраўды, гэта азначае раскол праваслаўнай царквы. РПЦ дэманстратыўна і нахабна парушыла 15-е правіла Двухразовага сабору 861 года. Гэтае правіла накіравана супраць раскольнікаў і забараняе спыняць памінанне патрыярха нават у выпадку рэальных кананічных злачынстваў з яго боку — да таго моманту, пакуль ён не будзе асуджаны паўнамоцным саборам епіскапаў. «Калі які-небудзь прэсвітэр або біскуп, або мітрапаліт адважыцца адступіць ад зносін са сваім патрыярхам і не будзе ўзносіць імя яго па вызначаным і ўсталяваным чыне, у Божым таемнадзеянні, але, перш Саборнага абвяшчэння і здзейсненага асуджэння яго, учыніць раскол, — Святы Сабор вызначыў быць зусім чужым усякага святарства», — кажа пастанова Двухразовага сабору.

Варта зазначыць, што гэтая пастанова была прынятая, калі РПЦ (і Масквы ўвогуле) яшчэ і ў праекце не было.

Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей і патрыярх Маскоўскі Русі Кірыл на сустрэчы 31 жніўня 2018 года. Фота Дзмітрый Астахаў/ТАСС

Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей і патрыярх Маскоўскі Русі Кірыл на сустрэчы 31 жніўня 2018 года. Фота Дзмітрый Астахаў/ТАСС

Такім чынам, чальцы Святога Сіноду РПЦ на чале з патрыярхам Кірылам свядома парушылі адзін з асноўных законаў праваслаўя, і ўсе яны павінны быць пазбаўленыя сану і адданыя анафеме як раскольнікі. Фактычна, з гэтага моманту патрыярха Кірыла няма, а ёсць грамадзянін Гундзяеў Уладзімір Дзмітрыевіч, які незаконна носіць патрыяршыя рызы.

Гэта азначае, што ўсе дзеянні ў храмах РПЦ і здзейсненыя іх святарамі, будуць несапраўднымі. Хрышчэнне, адпяванне, святое прычасце — не маюць моцы, бо Святы Дух спускаецца на паству праз святара. А калі святар зрынуты з сану і пракляты як раскольнік?

У найбольш апантаных праваслаўных ужо ўзнікла дылема: дзе маліцца ў Мінску, калі праваслаўных храмаў, апроч РПЦ, амаль няма? Бо, паводле царкоўных законаў, той, хто моліцца з раскольнікам, сам аўтаматычна становіцца раскольнікам.

Беларусам дык увогуле падкінулі загадку. Усясветны патрыярх сярод іншага пастанавіў «адклікаць прававыя абавязацельствы па Саборным Пасланні 1686 года», згодна з якім Кіеўская мітраполія, што знаходзіліся да таго ў складзе Канстанцінопальскага патрыярхату, перадавалася пад кіраванне Маскоўскага патрыярха. Па стане на 1686 год да Кіеўскай мітраполіі адносілася і тэрыторыя цяперашняй Беларусі. Паводле літары закону, і нашы землі лічацца вернутымі ва ўлонне Канстанцінопальскай царквы.

Але ці будзе так дэ-факта?

Шчыра кажучы, спадара Гундзяева можна зразумець. Нехта падлічыў, што аўтакефалія для Кіева пагражае РПЦ стратай 13 мільярдаў долараў ахвяраванняў штогод. Не кажучы ўжо пра царкоўную маёмасць (якая, паводле ўкраінскіх законаў, належыць дзяржаве) — адна Кіева-Пячорская Лаўра бясцэнная. Такія грошы могуць знесці дах каму заўгодна.

Найбольш разумныя прадстаўнікі праваслаўя ва ўсялякім крызісе бачаць і акно магчымасцяў. Знакаміты дыякан Андрэй Кураеў кажа, што ні адна з памесных праваслаўных цэркваў не падтрымае РПЦ і не перапыніць зносіны з Канстанцінопалем. «Значыць, па логіцы канону, яны таксама павінны быць для нас як адлучаныя, — разважае Кураеў. — Так мы застанёмся ў адзіноце». Каб пазбегнуць поўнай ізаляцыі, РПЦ давядзецца даць новую трактоўку канонаў — аб межах царкоўнай еднасці, дысцыпліны і таму падобным. А паколькі выкруціцца будзе надзвычай цяжка, РПЦ чакае маштабная багаслоўская дыскусія. «А гэта — пачатак рэфармацыі».

Рэфармацыя РПЦ можа даць зусім нечаканыя наступствы. Праваслаўе заўсёды было складнікам расійскіх імперскіх амбіцый. Менавіта «абаронай адзінаверцаў, братоў-праваслаўных» апраўдваліся ўсе захопніцкія войны Расійскай імперыі ад часоў Кацярыны ІІ. Нават уступленне Расіі ў Першую сусветную вайну было абумоўлена не толькі і не столькі Сербіяй, колькі магчымасцю ўсталяваць, нарэшце, кантроль над праваслаўнай Галіцыяй. І зараз праваслаўе адыгрывае вялікую ролю ў расійскай палітыцы.

Ці сапраўды раскол праваслаўя і магчымая рэформа РПЦ паставяць крыж на Расійскай імперыі? Невядома. Але варта ўсвядоміць адно — на нашых вачах робіцца гісторыя. Гісторыя, якой будуць ставіць помнікі, вакол якіх будуць гуляць нашы дзеці. Памацайце яе рукамі!