Памёр былы кіраўнік Вярхоўнага Савету БССР Мікалай Дземянцей
Раніцай 10 ліпеня памёр былы старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання Мікалай Іванавіч Дземянцей.
Мікалай Дземянцей нарадзіўся 25 мая 1930 года ў в. Хотліна Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці.
Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1959) і Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС (1964). Працаваў галоўным аграномам і дырэктарам МТС у Полацкім раёне. У 1957 годзе ўступіў у КПСС. У 1958-62 гадах быў інструктарам Віцебскага абкама, 2-і сакратаром Віцебскага райкама КПБ, старшынёй Віцебскага райвыканкама. З 1964 года інструктар, намеснік загадчыка, загадчык сельскагаспадарчага аддзела Віцебскага абкама КПБ, 1-ы сакратар Ушацкага райкама КПБ. З 1970 года інспектар ЦК КПБ, з 1974 года сакратар Віцебскага абкама КПБ.
З пачатку 1990 года ўзначальваў Вярхоўны Савет БССР 12-га склікання. Пад яго старшынствам Вярхоўны Савет 27 ліпеня 1990 года прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. У 1991 годзе, у перыяд Жнівеньскага путчу ў Маскве, выступіў у падтрымку ДКНС (пасля Мікалай Дземянцей сцвярджаў, што з яго боку аніякай падтрымкі не было). 25 жніўня 1991 годзе заявіў аб сваім сыходзе на пенсію.
9 верасня 1991 году яго замяніў на пасадзе Станіслаў Шушкевіч.