Памёр Яўген Сідаровіч — беларускі патрыёт, вязень сталінскіх лагераў

У Паставах 3 снежня адышоў у лепшы свет Яўген Сідаровіч, беларускі патрыёт, вязень ГУЛАГу. Яму было 86 гадоў.



sidarowicz_jauhien.jpg

Пра гэта карэспандэнту westki.info распавёў Антон Фурс, паплечнік Яўгена па арганізацыі.
Яўген Сідаровіч быў асуджаны на 10 год лагераў за сяброўства ў Саюзе беларускіх патрыётаў — падпольнай арганізацыі, якую ў 1945 годзе стварылі навучэнцы глыбоцкай і пастаўскай педагагічных вучэльняў.
Студэнты вырашылі папулярызаваць беларускую мову і культуру, ідэю незалежнасці Беларусі, прынялі прысягу на вернасць Радзіме. За гэта 47 чалавек былі асуджаныя на тэрміны ад 10 да 25 год зняволення.
Сідаровіч на ўсё жыццё захаваў патрыятычныя перакананні. Трымаў сувязь з сябрамі СБП, ездзіў іх на сустрэчы. Урыўкі з гутаркі з Яўгенам Сідаровічам ёсць у дакументальным фільме Валерыя Мазынскага «Глыбоцкая змова».
Яўген Сідаровіч да канца сваіх дзён падтрымліваў сяброўства з Антонам і Алесяй Фурсамі, якія таксама былі асуджаныя па справе СБП і жывуць у Паставах. Яны ператэлефаноўваліся і праведвалі адзін аднаго. Антон Фурс быў на пахаванні.
Сабраўшыся неяк разам, сябры СБП дамовіліся: на магільных помніках напісаць словы «Хай сняцца сны пра Беларусь». Гэтыя словы будуць і на надмагіллі Яўгена Сідаровіча.
Засталося жывых пяцёра сябраў Саюза беларускіх патрыётаў. Антон і Алеся Фурсы жывуць у Паставах, Леў і Марыя Бялевічы ў Полацку, Мікола Конан – у мястэчку Лужкі Шаркоўшчынскага раёна.
westki.info