Памерла Эльжбэта Радзівіл. Для яе Нясвіжскі палац быў домам
Учора, 20 ліпеня, памерла Эльжбэта Радзівіл (у замужжы Тамашэўская), дачка апошняга гаспадара Нясвіжскага замка — Альбрэхта Радзівіла і англічанкі Дораці Паркер Дзікан.
Пра смерць князёўны паведамляе «Наша Ніва».
Некаторы час Эльжбэта Радзівіл жыла разам з маці ў Парыжы і Рыме, потым — у Варшаве. Шлюб Альбрэхта Радзівіла з маці Эльжбеты быў нядоўгім, Эльжбета жыла з маці ў Парыжы і толькі час ад часу адведвала бацьку ў Нясвіжы, апошні раз — у 1935 годзе.
Упершыню наведала незалежную Беларусь у 1993 годзе.
У траўні 2009 года адбыўся неафіцыйны візіт князёўны ў Беларусь разам з іншымі прадстаўнікамі роду Радзівілаў, падчас якога Радзівілы наведалі Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі ў Мінску, а таксама гарады Мір і Нясвіж, вёскі Паланечку і Ішкалдзь.
У ліпені 2009 Эльжбета Радзівіл у суправаджэнні некалькіх прадстаўнікоў роду зноў наведала Нясвіж.
Пані Эльжбэце было за 100 гадоў.