Пайшоў з жыцця беларускі паэт Беласточчны Віктар Швед
У гэтым годзе яму споўнілася 95 гадоў.
Віктар Швед — паэт, перакладчык, публіцыст, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 23 сакавіка 1925 года ў вёсцы Мора на Беласточчыне. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Сузаснавальнік Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа”. Сябра Саюза польскіх літаратараў і ганаровы — Саюза пісьменнікаў Беларусі.
За выдатныя дасягненні ў галіне літаратурнай творчасці, культурнай і грамадскай дзейнасці атрымаў, між іншым, Krzyż Oficerski Orderu Odrodzenia Polski, Ордэн Францішка Скарыны, Order Świętych Równych Apostołom Cyryla i Metodego, грамадскі ордэн „За вернасць Бацькаўшчыне”, Srebrny Medal „Zasłużony Kulturze Gloriа аrtis”.
Дэбютаваў 24 сакавіка 1957 года вершам „Я — беларус” у тыднёвіку „Ніва”. У гэтым выданні і яго дадатку для дзяцей „Зорка” публікаваў амаль усе свае вершы. Выдаў 16 зборнікаў вершаў: „Жыццёвыя сцежкі” (1967), „Дзяцінства прыстань” (1975), „Дружба” (1976), „Мая зялёная Зубровія” (1990), „Родны схоў” (1991), „Вясёлка” (1991), „Wiersze wybrane” (1997), „Вершы Натальцы” (1998), „Выбраныя вершы” (2000), „Lata wiatr skrzydlaty” (2000), „Śmiech nie grzech” (2000), „Мае Айчыны” (2003), „Przemijanie” (2006), „Смяшынкі” (2009), „Śmieszynki” (2010), „Адплываем з Мора” (2010). Ён таксама аўтар тома ўспамінаў „З Мора ў горад” (2015), якія ахопліваюць міжваенны час, Другую сусветную вайну і пасляваенны перыяд да 1987 года. У 2020 годзе выйшаў другі том успамінаў „З горада ў Мора”, які ахоплівае чарговыя 30 гадоў.
Сёння, 23 кастрычніка, а 17.00 адбудзецца паніхіда ў царкве Святога Духа на Антонюку ў Беластоку. Заўтра а 8.30 там жа пройдзе літургія і развітанне. Пахаваюць паэта на родных могілках у вёсцы Мора.