Не проста разумеў антычалавечую сутнасць таталітарызму, але і кінуў яму выклік. Дзень памяці Міхася Дубянецкага

3 верасня 1990 года памёр Міхась Дубянецкі, кнігавыдавец і перакладчык, грамадскі дзеяч, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х, нагадвае «Свабода».

c26b7b4b_a145_470f_8bad_1acd4d88c42b_w1023_r1_s.webp

У дзяцінстве заходнебеларускі хлопчык Міхал стаў сведкам таго, як увосень 1939-га чырвонаармейцы, што патрабавалі называць іх «освободителями», расклалі каля школы вогнішча з кніг. Савецкі афіцэр кідаў у полымя ўсё, што было надрукавана «не по-русски».

Напэўна, тое вогнішча і запраграмавала стаўленне Дубянецкага да новай улады. Тым больш, што неўзабаве НКУС арыштаваў за антысавецкую агітацыю яго бацьку.

На першы погляд, Міхал Дубянецкі рабіў паспяховую кар’еру: скончыў Рэспубліканскую партыйную школу і Вышэйшую партшколу ў Маскве, працаваў на адказных пасадах у мінскіх выдавецтвах, з поспехам займаўся літаратурнымі перакладамі, быў прызначаны інструктарам сектара друку ЦК КПБ...

Яму зайздросцілі, але Міхал Хведаравіч не лічыў, што жыццё ўдалося. Ён быў з тых, хто не проста разумеў антычалавечую сутнасць таталітарызму, але і рыхтаваўся кінуць яму выклік, чакаючы, калі гісторыя дасць шанец.

Дубянецкі неацэнна шмат зрабіў для развіцця ў Беларусі энцыклапедычнай справы. Калегі сцвярджаюць, што менавіта ён быў ініцыятарам шматтомнага выдання твораў беларускага фальклору. Яго талент кнігавыдаўца найбольш поўна раскрыўся на пасадзе дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Прымаючы на працу новага супрацоўніка, Дубянецкі зазвычай казаў: «Запомніце: вы прыйшлі працаваць рэдактарам, а не цэнзарам». Добра ведаючы «кухню» савецкай цэнзуры, ён здолеў давесці да сустрэчы з чытачом шмат сумнеўных, з гледзішча ўлады, кніг, у тым ліку чатырохтомнік Васіля Быкава, уключыўшы туды крамольную аповесць «Мёртвым не баліць».

Уся логіка жыцця Дубянецкага прывяла яго ў шэрагі тых, хто пры канцы 1980-х узяў на сябе адказнасць за будучыню Беларусі. Ён быў сярод ініцыятараў стварэння Камітэта-58, што падрыхтаваў Устаноўчы сход «Мартыралогу Беларусі» 19 кастрычніка 1988 года. На тым гістарычным сходзе, дзе спадар Міхал старшыняваў, утварыўся аргкамітэт БНФ «Адраджэнне».

Дубянецкі стаў адным з найактыўнейшых сябраў як грамадскай рады «Мартыралогу», так і аргкамітэта (а затым і першага Сойма) БНФ. Ён умеў трымаць удар. Ён быў побач з намі на векапомных агульнабеларускіх Дзядах 30 кастрычніка 1988-га. Яго нягучны, але прасякнуты вераю ў сваю праўду голас прымушаў заціхаць шматтысячныя мітынгі.

Дубянецкага пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам, якому заставаўся яшчэ год да таго, каб стаць дзяржаўным. Пасмяротную публікацыю яго мемуараў «Трэба рызыкаваць...» (дзе фiгуравала размаiтая нечысць ад загадчыкаў аддзелаў ЦК да шараговага стукача М.), распачатую ў часопісе «Полымя» Сяргеем Законнікавым, помсліва спыніў прызначаны ўладамі новы галоўны рэдактар М. Мятліцкі.

Успаміны спадара Міхала ўрэшце надрукаваў незалежны часопіс «Дзеяслоў». Кажуць, стукач М. кусаў сабе локці.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданне , с.368-369.