На незахмуранай вяршыні. Да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч

Ёсць людзі, схільныя да ўяўлення значнасці сваіх набыткаў, спісваючы грахі і няўдачы на выпадковасць ды непазбежнасць, а ёсць тыя, хто ставіцца да нажытага і перажытага даволі крытычна. Алена Сямёнаўна Васілевіч менавіта з такіх. 

210808_alena_vasilevich_1068x712.jpg


Некалі быў у Алены Васілевіч артыкул амаль з такой назвай пра «Хаджы-Мурата» Льва Талстога. Ён мне запомніўся. І напраўду, калі ўздымаешся на вяршыню чалавечага, а тым больш творчага веку, на свой Манблан ці Эверэст, то найперш раздумваешся не над тымі цяжкасцямі і стратамі, што паўставалі пры пад’ёме, а над плёнам і вартасцю ўсяго свайго шляху.
Нарадзілася вядомая пісьменніца 22 снежня 1922 года пры Слуцку, у вёсцы Ліпнікі, але яшчэ ў малалецтве пазбавілася родных бацькоў з прычыны іх заўчаснай смерці і гадавалася непадалёк у сваіх родзічаў. Няхай і ў любімых дзядзькоў-цётак, а ўсё ж не ў мамы і таты. Гэта быў першы экзамен жыцця, гартаванне характару і паводзін у чалавечым грамадстве. Ведаючы Случчыну як своеасаблівы гістарычны «анклаў нацдэмаўшчыны», не трэба гадаць, што пасля сямігодкі юная Алёна абрала для сябе беларускую філалогію — адпачатку ў мясцовым педагагічным вучылішчы, пасля — у Рагачоўскім настаўніцкім інстытуце. (Падчас вайны служыла ў бібліятэцы шпіталя і як вольнанаёмная пісарам у вайсковай часці.) А ў 1944 годзе была прынятая на філалагічны факультэт БДУ. Працавала ў кніжнай рэдакцыі выдавецтва «Курская правда», а пасля пераезду ў Мінск (1950) — загадчыцай аддзела культуры папулярнага тады і шматтыражнага часопіса «Работніца і сялянка». З 1972 года загадвала рэдакцыяй літаратуры для школьнікаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», а з 1980 тры гады аддала службе ў рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва»...
Напісала шмат кніг прозы і эсэістыкі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі (1976). Заслужаны работнік культуры (1977).
Вось і ўсё. Лічы, у нейкіх дзесяці радках змясцілася біяграфія шырока вядомай пісьменніцы. Аднак неафіцыёзны лёс яе куды шырэйшы і не так гладка вымашчаны. Да часу літаратурнага прызнання былі складаныя і доўгія пробы пяра, прыцірання і абжывання ў літаратуры, замуства, сям’я, дзеці, мітрэнгі, нервы... Памерла любімая дачка Наташа, і сын Уладзімір (вядомы навуковец-фалькларыст) прытуліў яе годную старасць. І калі ёй яшчэ маглося, яна гатовая была табе, на тры дзясяткі гадоў малодшаму, падтрымаць заняпалы дух у тэлефоннай размове — і жывой гутаркай, і класічным досведам, і прачулым словам. Сама ж пры дакучлівым роспыце адгаворвалася кароткай ясенінскай цытацыяй, — маўляў, што казаць, калі ўжо «скоро мне в дорогу бренные пожитки собирать»...


Алена Васілевіч пачалася з Ганькі. Гэта значыць, з сябе. Напісанне вядомай тэтралогіі «Пачакай, затрымайся...» вызначыла і назаўжды ўпісала яе як творцу ў гістарычныя аналы нашай нацыянальнай літаратуры. Вядома, пад высокім небам усё адносна, і ўсё ж... Яна сама, зведаўшы сіроцтва з самага маленства, нарэшце сталася «сурагатнай мамай» для многіх беларускіх дзяцей, якім сёння за сорак і больш... Менавіта пераважная большасць людзей гэтага ўзросту часцей за ўсё скажа вам, што па сваім жаданні ў юнацтве чыталі, найперш, Янку Маўра, Алену Васілевіч ды Івана Шамякіна...
Таму Алене Сямёнаўне як бы было чым ганарыцца, ды не ставала ахвоты і нагоды. І не толькі з-за старасці ды хваробы, але і з-за несупадзення з цяперашнім часам... Надта ж ён барабанны, недаверліва-хлуслівы і прагматычны... Але — што, ранейшы быў інакшым, ці проста мы самі былі іншымі? Маладзейшымі, здаравейшымі, прагнымі да неспазнанага і спакуслівага... Якраз такімі, як і сённяшняе маладое пакаленне. Толькі са сваімі, характэрнымі для свайго часу, прыбамбасамі. Лепш, чым Эклезіяст, ніхто не скажа: «няма нічога новага пад сонцам». Застаюцца адно выпакутаваныя ў часе матэрыяльныя, мастацкія і духоўныя вартасці.
Колькі памятаў Алену Сямёнаўну, ніколі не было ў ёй і знаку высакамернасці альбо пагарды. Прыродная натуральнасць, інтэлігентная вытанчанасць, жаночая статнасць і высокая чалавечая годнасць вылучалі, але не выстароньвалі яе сярод людства ці то ў вялікім гурце, ці то tet-a-tet. Пры любых адносінах з ёй не ўзнікала той напружанасці, якая прыхалоджвае і аддаляе. На разгайданыя хвалі нераспазнанасці адразу выкідвалася выратавальнае кола цытатнай літаратурнай класікі: а памятаеце — у Коласа, Пушкіна, Буніна, Талстога, Стральцова?! Да таго ж яна заўсёды была ў курсе самых свежых літаратурных навін, рэгулярна чытала (пакуль дазваляў зрок) нашы незалежныя выданні. Перажывала, хвалявалася...

Алена Васілевіч, Уладзмір Васілевіч, Леанід Галубовіч

Алена Васілевіч, Уладзмір Васілевіч, Леанід Галубовіч


Прачытаўшы мой чарговы агляд «Дзеяслова» ў «Літаратурнай Беларусі», тэлефанавала і заўжды перапытвала, а ці сапраўды варта ахвяраваць вачыма і часам дзеля твораў таго ці іншага аўтара, якіх я вылучаў у сваім опусе сярод іншых... І чытала, і дзялілася ўражаннямі.
Я напачатку вельмі здзіўляўся гэтай яе чэпкай памяці і паслядоўнай інтэлігенцкай натуры. А пасля вызначыў, што ўсе гэтыя якасці ёй вельмі пасуюць, «да твару», як кажуць, бо характарызуюць яе як жанчыну і чалавека, а не разлічаныя на паказную ўвагу і захапленне пэўнага субяседніка.
Як чалавек класічнай загартоўкі (яшчэ б, сам Якуб Колас быў яе настаўнікам і апекуном на першых літаратурных прыступках), Алена Сямёнаўна вельмі насцярожана ставілася да ўсякіх новых фармалістычных літаратурных павеваў, але і сярод адвеенай паловы не прамінала заўважыць і здаровае зерне, калі яно там апыналася. Не часта, але бывала.
Між іншым, у 70–80-я гады не раз публічна ў друку падтрымлівала адораных літаратараў, якія самі не мелі магчымасці і нахабства заявіць пра сябе. Як чалавек без комплексаў, скажу, што ў свой час адным з іх быў і я, колішні «прапашчы» выпівоха і калгасны электрык... Людзі, якія бывалі ў такіх сітуацыях, ведаюць, як дорага каштуе такая бескарысная падтрымка.
На маю думку, шмат якія творы Алены Васілевіч унутрана напоўненыя вось гэтай чалавечай спагадай і спробай зразумення, і ўсе героі яе лепшых твораў, па-талстоўску кажучы, «духаборцы» — простыя зямныя людзі, якім «баліць душа» і ўсё тое, што спараджае гэты боль. Шмат якія вобразы пісьменніцы настолькі натуральна выпісаныя, што чытач абсалютна ўпэўнены ў іх фізічным існаванні. Цяперашні літаратар дзеля сваіх герояў ужо гэтак не ахвяруе ўласнай душой, нервамі і высокай энергетыкай. Можа таму, што большасць сучасных «герояў» і не патрабуе таго, абыходзячыся халоднай рацыянальнай прагматыкай жыцця.
«Любить иных тяжелый крест». Алена Васілевіч любіла — і жывых людзей, і іх прататыпаў, выпісаных ёй для літаратурнага жыцця...
Пра яе не надта каб шматтомны, але важкі літаратурны плён пісалі многія адметныя крытыкі і калегі: А. Кулакоўскі, Л. Салавей, М. Барсток, Н. Пашкевіч, П. Пестрак, М. Стральцоў, У. Юрэвіч, А. Зарыцкі, Я. Крупенька, В. Макарэвіч, В. Жураўлёў, С. Александровіч, Р. Шкраба, Т. Шамякіна, Ю. Канэ, С. Лаўшук, У. Рубанаў, А. Сямёнава, В. Каваленка, Б. Бур’ян, Г. Шупенька, М. Тычына, С. Андраюк, А. Разанаў, А. Федарэнка, Л. Рублеўская, Ц. Чарнякевіч... Пэўна не ўсіх згадаў, але і гэтых вядомых у нашай літаратуры людзей дастаткова, каб сказаць, што пісьменніца Алена Васілевіч «не самотная», бо чытача і ўвагу мела...

7_alena_vasilevicz._2009_h..jpg


Хацелася б сёе-тое працытаваць з водгукаў некаторых згаданых літаратараў — ад старэйшых да самых маладых. Вось як вызначаў яе творчасць Барыс Бур’ян у прадмове да трохтомніка «выбраных твораў» (1982): «У кнігах А. Васілевіч прываблівае тое стрыманае, але выразнае замілаванне самім ніколі непаўторным жыццём, якое ўплецена ў істоту жаночага таленту наогул. Пісьменніца вітае ўсю складанасць і супярэчлівасць чалавечага лёсу, калі ён толькі сапраўды чалавечы і чалавечны. Яе гераіні не вельмі рэфлекторна, але ўсё ж разважаюць аб хуткасці часу, які адбірае ў іх гадзіну, дзень, тыдзень, месяц, год за годам. І таму для мяне старонкі прозы А. Васілевіч — гэта, вобразна кажучы, пялёсткі прасветленай тугі. Не адчаю. Не роспачы, не фатальнага песімізму, а менавіта тугі — ад жыццялюбства і радасці жыцця, такога па сутнасці мімалётнага».
А так пісала ў сваім артыкуле Ала Сямёнава (артыкул у часопісе «Крыніца» (1996)): «Пісьменніцу цікавіць аўра матэрыі, псіхафізічны стан, што адухаўляе наша быццё, стварае яго настрой, вызначае яго танальнасць. Калі выяўляюцца характары і адметнасці асобы, калі дэталі высвечваюць трагіфарсы, трагікамедыі, драмы нашага жыцця. І ў тым, мне здаецца, прывабнасць яе пяра. Пяра тонкага, лірычнага».
Ціхан Чарнякевіч («Маладосць», 2012): «Я еду ў электрычцы і чытаю Алену Васілевіч. <...> Ганька з Зялёнай Дубровы. Суцэльная музыка дзяцінства, вясковая энцыклапедыя, дзе кожны раздзел на сваім месцы, незалежны ад патрабаванняў часу. Да дзяцей не чапляліся – што з іх возьмеш? Балазе, гаворка ішла пра мінулае. Прыкладна гэтаксама апраўдваўся і Якуб Колас са сваёй «Новай зямлёй». Маўляў, «адлюстраванне дарэвалюцыйнай рэчаіснасці», і ўсё тут. Тое ж з Аленай Васілевіч. <...> Новы свет (бясспрэчна, больш камфортны і лёгкі) непазбежна руйнуе стары. І планета Кастуся, і планета Ганькі знікла. Але мы ўдзячны іх аўтарам і героям, што яна, гэтая планета, была. І яна ёсць і будзе, пакуль ёсць «Новаязямля», «Пачакай, затрымайся...» і шмат іншых беларускіх кніг, без якіх гэтыя сенажаці і пусткі, што праплываюць зараз за вакном майго вагона, застануцца бясслоўнымі сведкамі ўласнага існавання. Цяпло чалавечага сэрца робіць іх часткай культуры».
Для тых, каго зацікавіць мажлівасць пазнаёміцца з творчасцю выдатнай пісьменніцы альбо прылучыць да яе гуманістычных твораў сваіх дзяцей, пералічу асноўныя выданні Алены Васілевіч: «Блізкія знаёмыя» (1954), «Падслухала сэрцам» (1960), «Калінавая рукавічка» (1963), «Пісар страявой часці» (1969), «Пачакай, затрымайся...» (1972), «Мыс Добрай Надзеі» (1977),«Шурка Рэмзікаў» (1985),«Люблю, хвалююся – жыву...» (1986), «Элегія» (1988), «Першая жонка нябожчыка» (2002), «Выбраныя творы» (залатая серыя «Беларускага Кнігазбора», 2010), «Горкі ліпавы мёд» («Школьная бібліятэка», 2011).
…Некалі ў «ЛіМе» свой артыкул пра Алену Васілевіч я закончыў вось гэтымі яе словамі. Не грэх і паўтарыць іх, бо лепш не напішу:

«Кожны раз, калі я азіраюся ў тую, цяпер ужо даўнюю далячынь, кожны раз я пытаюся ў сябе: «Няўжо гэта там, за тым засмужаным ружовым туманам ранкам, жывой галінкай зелянееш ты сама? І гэта тваім босым нагам гэтак лёгка хадзіць па зямлі, а загарэлым рукам гэтак прагнецца дацягнуцца да ўсяго на свеце? І няўжо твая гэта песня звініць і не ведае стому з ранку да вечара? І гэта ў цябе столькі шчырага даверу, хто б ні стрэўся табе на дарозе, хто б ні азваўся да цябе прыхільным словам?».

І цяпер, калі між нас лягла такая неабсяжная прастора часу і ўзросту, калі столькі камення лягло на той дарозе, якая нас развяла і раз’яднала, я пытаюся, дзівячыся і спадзеючыся:
— Тая даўняя з таго далёку ТЫ — гэта Я; і Я цяперашняя — гэта ТЫ таксама?
— І я заву цябе са смуткам і надзеяй адтуль, з тае раніцы:
— Пачакай, затрымайся...».