Канстанцыя Буйло. «Ты дала мне жыццё»
Днём нараджэння выдатнай беларускай паэткі Канстанцыі Буйло прынята лічць 14 студзеня. Сёлета спаўняецца 130 гадоў яе дня нараджэння.
Канстанцыя Буйло пражыла доўгае і насычанае жыццё даўжынёй амаль у стагоддзе. "Будзьма!" прыгадвае цікавыя моманты з жыцця юбіляркі.
Звесткі аб месцы нараджэння паэткі розняцца. Агульна прынята лічыць, што гэта Вільня, але ёсць меркаванне, што з’явілася яна на свет у Вішневе, дзе ейны бацька Антон Буйло працаваў аб’ездчыкам. Дакладна вядома, што ўжо 17 студзеня 1893 года яна была ахрышчана ў віленскім касцёле Святых Апосталаў Якуба і Піліпа.
Першую адукацыю Канстанцыя Буйло атрымала ад самай сапраўднай францужанкі, якая ў маладосці была жонкай сваяка знакамітага мастака Клода Манэ. Потым, аўдавеўшы, яна пабралася шлюбам другі раз ды перабралася на чужыну, дзе і асела. Пра гэта паэтка потым успамінала:
«У мястэчку Вішнева жыла маці Уладкі — Эмілія Станкевіч. Маленькі чысценькі домік, каля яго садок і некалькі градак, а ў доме — прыгожая, сталая жанчына з пасівелымі валасамі, заплеценымі ў тоўстыя даўгія косы, укладзеныя ў цяжкі пук, які, здавалася, адцягваў назад яе маленькую, зграбную галоўку. Вялікія, уважлівыя вочы яе памятаю і цяпер. Яна была маёй настаўніцай, кіраўніком і другам. Заняткам са мной яна аддавала шмат часу і энергіі. Яна кіравала маёй самаадукацыяй, выбіраючы мне кнігі для чытання. Яна вяла са мной доўгія і цікавыя размовы, адкрываючы мне вочы на многія сацыяльныя з’явы. Усё гэта мне вельмі дапамагала ў жыцці, і я сёння з глыбокай любоўю і ўдзячнасцю ўспамінаю маю лагодную і строгую, добрую і патрабавальную настаўніцу — Эмілію Станкевіч, маці Уладкі».
Уладка — гэта Уладзіслава Станкевічанка, якая ў будучыні стане жонкай Янкі Купалы. Канстанцыя і Уладзіслава будуць сяброўкамі цягам усяго жыцця. Таму не будзе перабольшаннем адзначыцць, што далучаная да беларускай справы яна была з ранніх гадоў. Бо ўжо ў даволі маладым узросце Буйло з сяброўкай пачынае наездамі наведваць Вільню ды знаёміцца там з усімі топавымі дзеячамі той пары — Янкам Купалам, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, Цішкам Гартным і Цёткай.
У 1909 годзе на старонках «Нашай Нівы» з’яўляюцца першыя вершы паэткі, а праз пяць гадоў, у 1914-м, у той самай друкарні, што і «Вянок» Максіма Багдановіча — у «пана Марціна Кухты» — выходзіць і яе першы паэтычны зборнік «Курганная кветка». Малады паэт вельмі прыхільна паставіўся да дэбютанткі, бо яшчэ да выхаду зборніка, у крытычным аглядзе пад назвай «За тры гады», дзе разглядалася беларуская літаратура 1911-1913 гадоў ён адзначаў: «Гладка, як і раней, пісала К. Буйла».
Справу выдання зборніка ўзяў на сябе Янка Купала, які яшчэ ў 1910 годзе прысвяціў маладой паэтцы верш «Мая думка». Ён займаўся і ўкладаннем, і рэдагаваннем, і ўласна выдавецкай справай. Сама Канстанцыя Буйло потым прыгадвала:
«За той час, пакуль кніжка выходзіла з друку, я атрымала ад яго шмат пісьмаў, у якіх ён паведамляў мне, як ідуць выдавецкія справы, раіўся па справах выдання і выказваў свае думкі аб вершах, якія ўвогуле яму падабаліся. Вядома, не ўсе. Ён казаў: «Прысланы сшытак вершаў, пераглядаю з цікавасцю, бо сярод звычайных, больш-менш харошых вершаў часам блісне такі сапраўдны алмаз, што прыемна робіцца на душы». Я не зусім верыла гэтым словам, адносячы іх да жадання вялікага майстра слова падтрымаць у маладога аўтара веру ў сябе, каб дапамагчы яму працаваць далей. І такія адносіны яго вельмі памаглі мне, ды, відаць, і не толькі мне».
Мастацкае аздабленне «Курганнай кветкі» зрабіў Язэп Драздовіч, а грошы на яго выданне дала магнатка Магдалена Радзівіл, якая была неабыякавая да беларускай справы. І кніжка атрымалася сапраўды цудоўнай, як паводле самой задумы, так і па змесце твораў. Бо ў ёй былі адлюстраваныя перажыванні 20 гадовай дзяўчыны — дзіўная сумесь патрыятычнай і інтымнай лірыкі. Вершы са зборніка станавіліся песнямі, а праграмны «Люблю наш край» ужо ў Заходняй Беларусі 20-х — 30-х гадоў уважаўся ледзь не за гімн:
Люблю наш край, старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
Лёс самой аўтаркі склаўся даволі драматычна. Яшчэ ў 1912 годзе яна скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні, каб потым настаўнічаць на Лідчыне. А ў 1915-1916 гадах загадвала беларускай кнігарняй у Полацку. З 1923 года Канстанцыя Буйло стала пражывала ў Маскве, дзе працавала на абсалютна не творчых працах.
У 1933 годзе яе мужа забяруць і асудзяць на высылку, дзе ён і загіне. Канстанцыя Буйло арыштаваная не будзе, але на доўгі час замаўчыць. Наступны яе паэтычны зборнік пабачыць свет толькі ў 1950 годзе і будзе называцца «Світанне». Затым будуць «Май» 1965 года і «Роднаму краю» 1973 года. А таксама кніжкі з дзіцячымі вершамі «Юрачка», «У бляску зор» і «Вясной».
Яе шматгадоваму маўчанню ёсць лагічнае тлумачэнне — так рабілі тады і іншыя, каб не прыцягваць да сябе непатрэбнай ўвагі. Знішчалі архівы, правілі біяграфіі, знікалі з радараў. Яшчэ адна зорка «нашаніўскіх часоў» Зоська Верас, распачала актыўную перапіску толькі ў 1960-я гады. Некалькі дзясяткаў гадоў маўчала і жонка Максіма Лужаніна — Яўгенія Пфляўмбаўм, якая была знакамітай паэткай у 20-я гады.
Здаецца, Канстанцыя Буйло наўмысна хацела схавацца за простымі назвамі сваіх кніг, каб ніяк не выдзяляцца на фоне іншых літаратарак. Але ноткі ранейшага ў творчасці паэткі захаваліся да самых апошніх дзён — той самы патрыятызм, але без лішняга пафасу, тая самая інтымная лірыка. Жывучы далёка ад радзімы, яна ніколі не забывалася на тое, хто яна і адкуль.
Пайшла з жыцця Канстанцыя Буйло 4 чэрвеня 1986 года. А праз тры гады, у 1989 годзе, урна з яе прахам была пахавана на беларускай зямлі — у родным Вішневе. У тым жа годзе пабачыла свет факсімільнае выданне ейнай «Курганнай кветкі».