Ярмошына пра боршч: Гэта не страва, а сімвал утульнасці
Кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына пракаментавала сваё знакамітае выказванне пра боршч і распавяла, як бавіць вольны час.
«У дадзеным выпадку боршч гэта не страва, а знак хатняй утульнасці. Самае галоўнае прызначэнне жанчыны — быць жонкай і маці, а толькі потым нешта іншае»,
— заявіла Ярмошына падчас онлайн-канферэнцыі ў сераду 21 студзеня.
Як паведамлялася, у снежні 2010 года пасля выбараў прэзідэнта Лідзія Ярмошына, каментуючы разгон акцыі апазіцыі, удзельнікамі якой былі і жанчыны, заявіла: «Гэтым жанчынам рабіць няма
чаго. Сядзелі б удома, боршч варылі, а не па плошчах шасталі». Кіраўніца ЦВК назвала ганьбай для жанчыны ўдзел у падобных мерапрыемствах.
Кажучы сёння аб тым, чаму яна назвала менавіта боршч, Ярмошына заўважыла, што гэта распаўсюджаная страва ў Беларусі. «Назвала б фандзю, калі б мы жылі, напрыклад, у Швейцарыі»,
— сказала кіраўніца ЦВК, дадаўшы, што яна сама варыць боршч паводле звычайнага рэцэпту.
Старшыня Цэнтрвыбаркаму паведаміла, што яна ў прынцыпе аддае перавагу простым стравам — галубцам, катлетам і іншым, якія можна прыгатаваць на запас і пасля пры неабходнасці
падаграваць.
Яна таксама прызналася, што вельмі любіць свежыя булачкі, але ў апошні час не пячэ іх, а толькі купляе.
Акрамя таго, Ярмошына распавяла пра тое, як яна праводзіць вольны час. «Вольны час я праводжу настолькі сціпла, што гэта ні ў каго не выклікае цікавасці. Кожны вечар я гуляю або хаджу ў
басейн, у любое надвор'е. У мяне дыстанцыйная сям'я — я, мама і сын, і мы ўсе пражываем асобна. Я займаюся абслугоўваннем гэтых двух чалавек. Я рыхтую вялікія порцыі
ежы і развожу ім. Мама пражывае ў Бабруйску, таму я ў выходныя езджу да яе і ўвесь час праводжу там», — працягнула кіраўнік ЦВК.
Таксама Ярмошына прызналася, што ў яе нядаўна з'явіўся ўчастак, дзе летам яна разводзіць кветкі.
«У мяне ёсць сяброўкі, яны пражываюць у Бабруйску і ў Калінінградзе. Вядома, падарожнічаю. Шмат падарожжаў, звязаных з прафесійнай дзейнасцю. Што тычыцца паездак у адпачынак
— яны даўно абмяжоўваюцца трыма маршрутамі. Гэта абавязкова Калінінград, дзе я нарадзілася і доўга жыла, гэта Бабруйск. Я езджу адпачываць на поўдзень, гэта Сочы»,
— распавяла Лідзія Ярмошына.
interfax.by