Як Быкава не пускалі на плошчу Перамогі
«Ці ня варта хоць бы ў дзень Перамогі ўспамінаць, хто застаўся ў братніх магілах, густа раскіданых ад Віслы да Эльбы, і ліку якіх дагэтуль няма ні ў статыстыцы, ні ў гістарыяграфіі? А іхныя ўцалелыя равесьнікі дажываюць свой век у галечы і паняверцы, нярэдка пазбаўленыя права па-людзку ўшанаваць памяць аднапалчанаў», — пісаў Васіль Быкаў
Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, прыгадвае:
«Разгубленым Васіля Быкава я бачыў толькі двойчы. І не ў 2003-м у Празе, калі ён распавёў пра вердыкт анколагаў. А ў Мінску ў 1994-м, на плошчы Перамогі. Перамогі ў той вайне, праўду пра якую ён сказаў свету.
…Камуністычная ўлада знішчала ў беларускім народзе ўсялякую памяць пра часы нацыянальнай велічы, руйнуючы храмы і замкі, даючы свае назвы плошчам і вуліцам, напаўняючы хлуснёй падручнікі па гісторыі. Затое яна, гэтая ўлада, не шкадавала сіл і сродкаў для нагадвання пра апошнюю вайну, якую Сталін назваў Вялікай Айчыннай. Сталін жа звязаў перамогу ў той вайне з кіруючай роляй камуністычнай партыі.
Большасць людзей не надта задумвалася, хто ж быў вінаваты ў катастрафічных стратах першых месяцаў вайны, чаму, калі амерыканскія ці брытанскія саюзнікі бераглі жыццё кожнага салдата, чырвоныя камандзіры і камісары пасылалі на бессэнсоўную смерць сваіх падначаленых тысячамі. Беларус ці ўкраінец мог запытацца, чаму ж, здаўшы немцам тэрыторыю разам з людзьмі на некалькі гадоў, савецкая ўлада потым жорстка (аж да расстрэлаў) карала тых, хто пры акупацыйнай уладзе вучыў дзяцей? А нават — і ўсумніцца, ці патрэбны былі партызанскія дзеянні, калі за аднаго забітага нямецкага афіцэра маглі спаліць цэлую вёску? Шмат пытанняў мог задаць савецкі чалавек, але не запытваўся — яго адвучылі. На 9 траўня ўсё патанала ў грохаце прапагандысцкіх літаўраў. Ну, а тыя, зусім нешматлікія, хто, як Васіль Быкаў, шукаў і знаходзіў ісціну — бязлітасна цкаваліся.
З падзеннем камуністычнага рэжыму ў стаўленні ўлад да апошняй вайны не змянілася нічога.
Але мы ў БНФ лічылі, што ідэйныя спадкаемцы Сталіна не павінны трымаць манаполію на памяць.
У траўні 1992 года кіраўніцтва БНФ вырашыла ўзяць удзел у афіцыйных святкаваннях дня Перамогі. Гэта паказала б грамадству, што перамога — гэта не манаполія наменлатурна-камуністычнай сістэмы, якая на першым годзе беларускай Незалежнасці ўсё яшчэ заставалася нязменнай.
Ускладанне кветак да Вечнага агню на плошчы Перамогі было цэнтральнай падзеяй, якая за шмат гадоў аформілася ў традыцыю: спачатку ішло кіраўніцтва ЦК на чале з першым сакратаром, затым — Вярхоўнага Савета, Савета міністраў і гэтак далей. У 1992 годзе ўпершыню ЦК не было: пачынаць цырымонію павіны былі старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч з членамі Прэзідыума ВС (гэты орган ужо паспеў аформіцца ў своеасаблівае Палітбюро). Паводле класічных нормаў, кіраўнікі фракцый уваходзяць у кіраўніцтва парламента — у нас, натуральна, гэтага не было. Чакаць, што Шушкевіч запросіць Пазьняка далучыцца да групы Вярхоўнага Савета, было наіўна — ніякіх падобных ініцыятываў Станіслаў Станіслававіч не выяўляў. І я пачаў высвятляць, якім чынам можна было б уключыць групу БНФ, некалькі дзясяткаў чалавек, у агульную калону. Урэшце выявілася, што арганізацыяй шэсця кіруе намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандар Сасноўскі.
Я патэлефанаваў Сасноўскаму, але ён катэгарычна адмовіўся дадаваць прадстаўнікоў БНФ у калону для ўскладаньня кветак: Вось пройдзе ўся цырымонія — тады можаце ўскладаць.
Сасноўскі, былы партыйны функцыянер, імгненна сцяміў, чым невыгодны для ўлады ўдзел актывістаў Народнага Фронту ва ўшанаванні памяці загіблых. У той раз мы ў Фронце проста павіншавалі сваіх ветэранаў — сярод іх былі пісьменнікі Васіль Быкаў і Артур Вольскі, філосаф Мікалай Крукоўскі. Гэтак рабілі і ў наступны год.
Але ў траўні 1994-га, калі ўжо пачалася кампанія па выбарах прэзідэнта, вырашылі выйсіці на плошчу.
Раніцай 9 траўня мы сабраліся ў штаб-кватэры БНФ на Варвашэні, 8. Васіль Быкаў быў без ордэнаў, але некаторыя нашы фронтаўскія ветэраны прымацавалі свае баявыя ўзнагароды. Невялічкай групай рушылі ў бок Плошчы Перамогі. Калі падышлі, убачылі, што плошча ўзята ў ланцуг АМАПаўцаў.
Нас спынілі.
— Падышла група невядомых асоб у колькасці прыблізна пяцідзесяці чалавек, — перадаў камусьці па рацыі міліцэйскі афіцэр.
— Гэта Васіль Быкаў, — сказаў я афіцэру. — Чулі пра такога?
Афіцэр маўчаў.
— Ну ў такім разе вось я і Зянон Пазьняк — дэпутаты Вярхоўнага Савета, паводле нашага статусу вы нас не маеце права затрымліваць, — працягваў я ціснуць на афіцэра.
Афіцэр нешта прабубніў у сваю рацыю, і перад намі з’явіліся некалькі АМАПаўцаў.
— Я не магу прапусціць, пакуль не скончыцца афіцыйная цырымонія.
Для перамоў з больш высокім начальствам наша група вызначыла двух дэпутатаў — дэпутата Мінскага гарсавета Галіну Вашчанка і мяне. Аднак перамовы нічога не далі.
У гэты момант кветкі да помніка Перамогі ускладалі старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, яго намеснікі і члены Прэзідыума Вярхоўнага Савета.
Потым — і старшыня Савета міністраў Вячаслаў Кебіч, яго намеснікі і міністры.
Потым — генералы з Міністэрства абароны.
Пасля генералаў — кіраўнікі Мінскага гарвыканкама і райвыканкамаў.
Потым — кіраўнікі розных арганізацый.
Потым, як пазней напіша карэспандэнт Белінфарма, аддаючы воінскія ўшанаванні, па пляцоўцы цырыманіялаў прайшла рота ганаровай варты Мінскага гарнізона.
І толькі пасля ўсяго гэтага міліцыя дазволіла прайсці да Вечнага агню Васілю Быкаву і групе ветэранаў — членаў Народнага Фронту.
На наступны дзень Васіль Быкаў напісаў невялікі артыкул, у якім ўпершыню было сказана пра прыватызацыю Перамогі. Артыкул быў надрукаваны ў газеце Свабода і з таго часу, наколькі магу меркаваць, не перадрукоўваўся».
Васіль Быкаў: Перамогу над фашызмам імкнуцца прыватызаваць
Адразу ж, як скончылася Другая сусьветная вайна, Сталін у вядомай прамове даў ацэнку вялікай перамогі. Тады ён забыўся ўжо на сваю нядаўнюю разгубленасьць, на вялікі сумнеў у вартасьці Чырвонай арміі, што дружна бегла на усход, як тады па ўсіх швах трашчала савецкая ўлада; змоўчаў, ня стаў абгрунтоўваць свой нечаканы зварот да фундамэнтальных ідэяў расейскага нацыяналізму: афіцэрскіх званьняў, залатых пагонаў, ліквідацыі т.зв.інстытута паліткамісараў, звароту дваранска-імпэрскай славы Суворава-Кутузава. Крывавую перамогу над нямецкім фашызмам ён прыпісаў выключна мудрасьці ВКП(б), правільнасьці савецкай вайсковай навукі, адданасьці сацыялістычнаму ладу. На вушы нядаўніх франтавікоў было дзіўнавата слухаць тое. Але яны слухалі і маўчалі: высновы правадыра народаў былі вышэй за вайну, за ісьціну — вышэй за жыцьцё.
Нешта падобнае адбываецца і зараз, напрыканцы ХХ стагодзьдзя, у, здавалася б, зусім новых грамадзка-палітычных умовах. Перамогу над фашызмам імкнуцца прыватызаваць з гэткім жа посьпехам, як прыватызуецца ўсё астатняе. Народу ж прапануецца звыклая, спрацаваная дэмагогія з колішняга «блякнота агітатара», задача якой (па словах Салжаніцыга) — пераканаць, «як рускі Іван бег на вайну, каб хутчэй аддаць жыцьцё за радзіму, і як цяжка было генэралам вадзіць пальцам па карце». Зноў найбольшым арганізатарам перамогі становяцца камісары і паліторганы, пра герояў якіх звычайна пішуць, што яны «прайшлі вайну ад званка да званка і вырасьлі ў званьні ад радавога да палкоўніка». Так, мелі магчымасьць вырасьці ў званьнях і атабарыцца на «хлебных пасадах» пасьля вайны. Але ці ня варта хоць бы ў дзень Перамогі ўспамінаць, хто застаўся ў братніх магілах, густа раскіданых ад Віслы да Эльбы, і ліку якіх дагэтуль няма ні ў статыстыцы, ні ў гістарыяграфіі? А іхныя ўцалелыя равесьнікі дажываюць свой век у галечы і паняверцы, нярэдка пазбаўленыя права па-людзку ўшанаваць памяць аднапалчанаў. Гэта ганьба, калі на іхнім шляху да магілаў вырастаюць ланцугі крутаплечых амонаўцаў, як гэта было сёлета ў Менску. За плячыма амону, вядома ж, уладарныя пераемнікі абстарэлай сталінскай «славы», што і дагэтуль імкнуцца жыць на ейныя крэдыты. Здаецца, у вайсковых адносінах Беларусь усё меней робіцца эўрапейскай краінай і ўсё болей спаўзае да вобразу лацінаамэрыканскага дзяржаўнага стварэньня.
Тое, што прынята называць Вялікай Айчыннай вайной, на справе было часткай (нашаю часткай) вялікай і сьвятой барацьбы сусьветнай хрысьціянскай супольнасьці супраць сярэднявечнага звыродства. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі дзясяткі нацыяў і палітычных партыяў, як ніколі згуртаваных вакол адзінай ідэі — свабоды і непадлегласьці. Самы жахлівы на той час вораг быў пераможаны, але застаўся другі, ня меней жахлівы, які цынічна скарыстаў зручны момант узвысіцца на той перамозе. Ён і да сёньня спрабуе тое, састарэлы, з падарваным здароў’ем, ідэйна збанкрутаваны, матэр’яльна абнішчаны, з выпаўшымі, абкрушанымі ікламі, але поўны ранейшай рашучасьці ня выпусьціць з тых іклаў-абломкаў сваю ахвяру. Ахвяра гэтая — свабода чалавецтва, якое па-ранейшаму ведае адно: усё трываць і ня памятаць сваёй крыўды.
(Свабода, 11 мая 1994 года.)
У тэксце артыкула Васіля Быкава захаваны правапіс аўтара.