Беларускі баксёр ўзляцеў на вяршыню сусветных рэйтынгаў у 39 гадоў!
39-гадовы беларускі баксёр Сяргей Хаміцкі узляцеў на вяршыню сусветных рэйтынгаў і днямі будзе біцца з зорным нямецкім байцом Робертам Штыгліцам, двухразовым чэмпіёнам свету. І хоць міжнародная спартовая прэса актыўна піша пра беларуса, на Бацькаўшчыне пра яго амаль не ведаюць. А Сяргей тым часам уключыўся ў барацьбу за пояс чэмпіёна планеты па боксе.
Сяргей Хаміцкі некалькі разоў сыходзіў з вялікага спорту, але ўсё адно ўключыўся ў барацьбу за пояс чэмпіёна планеты. Баец расказвае “Будзьме” пра тое, як хаваўся ад боксу ў юрыспрудэнцыі і як дасягнуць поспеху, калі цябе засуджваюць. Хто ж такі Сяргей Хаміцкі? І якім чынам яму ўдалося раскрыцца ў такім паважаным узросце?
— Я тры гады займаўся футболам. Калі мне было 10, у школу прыйшлі трэнеры набіраць дзяцей на бокс, —успамінае дзяцінства Сяргей Хаміцкі. — Не прайшло і месяца, як усе вярнуліся на футбол. Тады бацька мне і сказаў: “Мяч ганяць ты і ў двары зможаш, а боксу дзе ты яшчэ навучышся?” Ну і харызма трэнера адыграла ролю. Пачынаў я ў Алега Ягоравіча Пашкевіча, на Аўтазаводзе, у зале вячэрняй школы №5. Настаўнік быў малады, гарачы, з намі і дужаўся, і ў футбол гуляў.
Бацька Сяргея Хаміцкага, які параіў сыну заставацца в боксе, прыехаў у Мінск з Украіны. Вывучыўся на інжынера ў радыётэхнічным інстытуце і ажаніўся з беларускай.
Сяргей дарос да чэмпіёна Беларусі і выступаў у складзе нацыянальнай каманды. На гэтым этапе яго трэніравалі вядомыя спецыялісты Валерый Собалеў і Станіслаў Глушанкоў.
Але медалёў першынства Еўропы і свету здабыць не ўдалося, Сяргей спыняўся за крок ад п’едэсталу.
— У аматарскім боксе баі кароткія. Я толькі пачынаў раскачвацца, як ужо гучаў фінальны гонг. Таму вырашыў перайсці ў прафесійны бокс (найвялікшым дасягненнем тут лічыцца не залаты алімпійскі медаль, а пояс чэмпіёна свету — “Будзьма”). У прафбоксе цэняцца акцэнтаваныя ўдары, пальчаткі не такія мяккія, больш раўндаў, баі больш жорсткія. Мяне заўважыла прамоўтарская кампанія з Санкт-Пецярбургу. Так я стаў чэмпіёнам СНД і славянскіх краін, узяў тытул WBO Asia Pacific. Але потым тая прамоўтарская кампанія спыніла існаванне. Гэта было больш за 10 гадоў таму.
Сяргей Хаміцкі працягваў шукаць сябе ў спорце. Калі не было баёў па боксе, выступаў па правілах кікбоксінгу і муай-тай. Цікава, што баец паспеў сустрэцца з Ямхотам — самым папулярным тайскім прафесіяналам пачатку 2000-х. А таксама з чэмпіёнам свету па муай-тай беларусам Юрасём Булатам. Вярнуўшыся ў бокс, Хаміцкі таксама змагаўся з самымі топавымі і зорнымі байцамі. Меў як гучныя перамогі, так і паразы. Але, як адзначаюць у баксёрскім свеце, узровень Хаміцкага год ад года толькі паляпшаўся.
Найчасцей баі праходзілі за мяжой, з мясцовымі баксёрамі. І пры роўных баях перамогу Сяргею звычайна не аддавалі.
Адна з самых скандальных сітуацый здарылася ў супрацьстаянні з Івам Штудэрам. Беларус відавочна пераўзышоў саперніка, але суддзі далі нічыю і пакінулі пояс пабітаму швейцарцу.
Несумленнае судзейства здаралася ў Італіі, Венгрыі, Англіі. Падавалася, Сяргей вось-вось завершыць кар’еру.
— У мяне былі перапынкі, я неаднойчы спрабаваў скончыць з боксам і займацца “сур’ёзнымі справамі”. Атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю. Спрабаваў знайсці сабе занятак у гэтай сферы, але не спадабалася, — прызнаецца баец. — Падаваўся і ў менеджары. Але не склалася, і развіццё ў гэтым кірунку спынілася. Нарэшце я асэнсаваў, што ўсё маё тут, у боксе. Чаму б гэта не развіваць, не паляпшаць узровень? І вось калі ў галаве настаў мір — прыйшоў вынік.
Сваім выдатным шанцам Сяргей Хаміцкі скарыстаўся сёлета ў красавіку. Яму прапанавалі двубой за тытул чэмпіёна Еўропы WBO з Фрэнкам Бугліёні. Натуральна, на тэрыторыі саперніка. Мяркуючы па ўсім, беларуса разглядалі ў якасці зручнага апанента: і двубой прыгожы пакажа, і пабіць англійскага “праспекта” не зможа. Аднак Сяргей узяў ініцыятыву ў свае рукі і цяжка накаўтаваў Бугліёні ў шостым раўндзе.
Двубой з зорным Робертам Штыгліцам адбудзецца ў Дасаў 26 ліпеня. Пераможца гэтага супрацьстаяння атрымае магчымасць пазмагацца за пояс чэмпіёна свету сярод прафесіяналаў у суперсярэдняй вазе (76,2 кг). Як вам такая перспектыва?
Сяргей Хаміцкі — гэта той баец, які з гадамі ператвараецца ў яшчэ больш небяспечную зброю. Хоць яшчэ з савецкіх часоў спартоўцаў у нас спісвалі з рахункаў ужо пасля 30.
— Але развіваецца спартыўная медыцына, з’явіліся новыя методыкі трэніровак. Навука таксама паспяхова працуе на спорт. Прафесійныя спартоўцы зарабляюць грошы і не жадаюць сыходзіць, страчваць даход. Таму ў вярхах баксёрскіх рэйтынгаў вы пабачыце байцоў, якім 35-40 гадоў. А я таксама адчуваю, што магу развівацца ў боксе далей. Галоўнае, каб не падвяло здароўе.
— Каб перамагчы за мяжой, беларусу трэба накаўтаваць саперніка. А зрабіць гэта на такім высокім узроўні, дзе вы выступаеце, няпроста. Ці ёсць рэцэпт, як прабіцца ў эліту, калі суддзі не на тваім баку і аб’ектыўнасці няма?
— Скажу проста: гэта добрая форма, тэхніка, тактыка. Яшчэ ў адзінаборствах вялікую вагу мае характар. Калі ён байцоўскі і ёсць дастатковая падрыхтоўка, то можна перамагаць найлепшых нават без спецыяльнага прасоўвання. Сярод беларусаў ёсць яшчэ адзін удалы прыклад — Сяргей Рабчанка. Яго, натуральна, таксама не збіраліся актыўна некуды пхаць. Але хлопец паказвае прыгожыя, відовішчныя баі. Рыкі Хатан (культавы англійскі баксёр, прамоўтар, — “Будзьма”) узяў яго на кантракт, трэніруе, робіць баі. Усё цяпер у руках Рабчанкі. Ніхто яму гэта не прынёс на сподачку, усё зрабіў сам.
— У Беларусі і блізка няма такіх шоу, як у ЗША, Англіі ці Нямеччыне. Няма, па вялікім рахунку, і прафесійнага спартыўнага рынку. А ці можна ў нашых залах падрыхтавацца да баёў топавага ўзроўню? Хто вас цяпер трэніруе?
— Канстанцін Маханькоў. З ім мы даўно сябруем і працуем. Я атрымліваю індывідуальны падыход: мяне даводзяць непасрэдна перад боем да найлепшай кандыцыі. Канстанцін сам быў прафесійным баксёрам, ён разумее ўсе задачы і складанасці, якія стаяць перада мной. Трэнерам ён працуе даволі даўно, а таксама займаецца навуковай працай. Гэты сімбіёз дазволіў яму рыхтаваць прафесіяналаў па боксе, працаваць з чэмпіёнамі па муай-тай і кікбоксінгу і нават з байцамі баявога самба. Таму да бою са Штыгліцам мы падрыхтуемся найлепшым чынам.
P.S. 26 ліпеня кампанія “Будзьма беларусамі!” аператыўна паведаміць пра вынік супрацьстаяння Хаміцкі vs Штыгліц. Аўтарытэт і зорнае імя нямецкага саперніка прымушае заўзятараў боксу з вялікай перавагай ставіць на яго ў букмекерскіх канторах. Камандзе Сяргея Хаміцкага гэтая сітуацыя на руку. Хоць пасля накаўтавання Бугліёні дасведчаны Штыгліц наўрад ці будзе недаацэньваць беларуса.
“Ці зможа Хаміцкі арганізаваць другую сенсацыю запар?” — задаецца пытаннем міжнародны байцоўскі партал fightnews.com.
Пабачым гэта 26 ліпеня і падтрымайма нашага байца!
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч