«Беларусь змагаецца з гвалтаўніком»

Суарганізатаркі фэм-групы Каардынацыйнай Рады філёзаф Вольга Шпарага, гендэрныя эксперткі і грамадскія актывісткі Юлія Міцкевіч і Святлана Гатальская, якія былі зняволеныя за ўдзел у мірных пратэстах, арганізавалі флэшмоб #сиделазасвободу, #засвабодузакраты, #inprisonforfreedom

fc5578f2_e5df_494a_9309_563a4574db6d_w1023_r1_s.jpg


Сястрынства і братэрства як досвед беларускай турмы

Вольга Шпарага: Я філосаф, мне 46 гадоў, ёсць жыццёвы досвед, нейкі багаж культуры, гуманітарныя веды, і я адчувала, як мне ўсё гэта дапамагае. Мне хацелася дзяліцца сваімі ведамі з іншымі зняволенымі. Мы называлі гэта раздзеленым досведам сястрынства. Мужчыны таксама перажываюць у турме феномен братэрства. Гэта самае каштоўнае, дзякуючы гэтаму можна выстаяць.

З Юляй Міцкевіч мы былі 10 дзён у адной камеры. Самыя цяжкія дні былі напачатку. Мне пашчасціла сядзець разам з журналісткай Яўгеніяй Доўгай. З нас здзекаваліся, мы спалі пад адной коўдрай без усяго астатняга ў халоднай камеры.Увес час адна адну падтрымлівалі. Калі я выйшла і даведалася, што мне прызначылі новыя 12 сутак, я адчула, што не гатовая. Было рызыкоўна заставацца, і я выехала з Беларусі.

Святлана Гатальская: Больш за 14 тысяч чалавек сядзелі ў турме па артыкуле 23.34 і па іншых артыкулах, але з кожнай новай нядзеляй, з новымі затрыманымі салідарнасць не спадае, людзі не баяцца атрымаць суткі. Ёсць такі выраз — не пасядзеў, не беларус. Такі настрой людзей, з якімі я сядзела ў розных камерах. Некаторыя людзі параўноўваюць суткі з медалём «За адвагу», за тое, што не пабаяліся выходзіць і адстойваць свае галасы.

Практычна ўсе мы атрымалі і каранавірус у турме. Тыя маскі, што мы насілі ў турме, былі толькі для таго, каб не заразіць наглядчыкаў. Нас было 8 чалавек у камеры, элементарна не хапала посуду, і мы пілі з аднаго кубка.

Юлія Міцкевіч: Беларуская турма, можа, не цалкам паўтарае сталінскую, але ўсё роўна гэта сістэма, пабудаваная на гвалце і катаваннях. Катаванняў там шмат — не выключаюць святло ніколі, на цябе ўвес час ахоўнікі крычаць матам, у некаторых камерах няма гарачай вады, не выводзяць гуляць. Для мяне самае цяжкае было не само знаходжанне за кратамі, а калі да мяне прыходзілі людзі са Следчага камітэту і двойчы з ГУБАЗІКу. Яны настойліва прэсавалі, хацелі, каб мы прызналіся, што арганізоўвалі жаночыя маршы як фэм-група, ці каб сказалі, хто гэта робіць. Мяне пасадзілі ў клетку і назвалі гэта даверлівай размовай. Калі я адмаўлялася гаварыць, пагражалі, што будзе дрэнна маёй сям’і, людзям, якія разам са мной працуюць, што мне пагражае крымінальны тэрмін за арганізацыю масавых беспарадкаў.

Мы сядзелі з фантастычнымі дзяўчатамі і жанчынамі, увесь час нешта прыдумлялі, спявалі, называлі сябе ВІА «Змагаркі», разам малявалі, прыдумлялі, як тачыць алоўкі аб балты на кратах. Абменьваліся адзеннем, калі каму чаго не хапала. Досвед сястрынства пачаўся з жанчын, якіх мы нават ня бачылі. Яны пакінулі ў камеры з Жодзіна прадукты, якія мы, вельмі галодныя, з’елі. Яны напісалі парады для нас. Мы ня бачылі гэтых жанчын, але ведалі, што яны пра нас паклапаціліся.

Вольга Шпарага: Ідэя ўзнікла ў турме — сабраць наш досвед і падзяліцца ім, пабачыць, колькі нас. У гэтым ёсць тэрапеўтычная функцыя. Некаторыя баяцца дзяліцца, бо ўлады і другія тэрміны цяпер даюць. Тым ня менш нам хацелася б зрабіць бачным гэты досвед і паказаць, што за кратамі былі жанчыны розных прафэсій, узростаў — ад 18 да 63. Адзін з рэфрэнаў быў — нам не патрэбныя лідэры, мы гарызантальна, калектыўна будзем вырашаць усе праблемы. Гэта важна і каб далей змагацца, і для будучыні Беларусі.

Святлана Гатальская: Гэты флэшмоб пакажа, якія цудоўныя людзі цяпер за кратамі. Яны вельмі розныя, але нязменна моцныя, смелыя і дзейныя. Трэба напісаць сваё імя, колькасць сутак, пра свае прафэсійныя інтарэсы, пасаду, дасягненні і пры канцы хэштэгі #сиделазасвободу #засвабодузакраты #inprisonforfreedom. Мы хочам паказаць, як шмат жанчын пацярпелі за свабоду. Гэта будзе і сетачны праект, і фотаальбом у выніку.

Юлія Міцкевіч: Жанчын менш трапляе за краты ў параўнанні з мужчынамі, прыкладна 30 на 70. Раней меней затрымлівалі жанчын, цяпер рэпрэсіі ўзмацніліся і супраць жанчын. У нас у камеры была жанчына, якой пасля затрымання надзелі мяшок на галаву і з ім вазілі некалькі гадзін па горадзе. Пакуль адзіная прычына, чаму жанчынам меней даюць суткі, чым мужчынам, а даюць штрафы, — гэта таму што ў іх непаўналетнія дзеці (але і мужчынам трэба клапаціцца пра дзяцей). Калі гэта перастане працаваць, думаю, будзе аднолькавая колькасць мужчын і жанчын за кратамі.

Беларускі пратэст мае фемінісцкія лозунгі

Вольга Шпарага: Фемінісцкі парадак дня імпліцытна моцна прысутнічае, бо ключавая тэма — тэма гвалту. Лукашэнка заявіў, што ён сінімі пальцамі трымае Беларусь у закладніцах, і ўсе адразу яго абʼюзіўную лексіку ідэнтыфікавалі. І гэта рэакцыя грамадзтва на тое, што яно, па сутнасці, аказалася ахвярай хатняга гвалту. Ён — «бацька», а ўся Беларусь аказалася як жанчыны, якія цярпяць ад хатняга гвалту. І людзі ходзяць з фэмінісцкімі плякатамі. На фота мужчына сярэдніх гадоў з плякатам «Бʼе — значыць, сядзе». Атрымліваецца, гэтае фэмінісцкае вымярэнне ёсць ва ўсім грамадстве, бо ўсё грамадства паўстала супраць гвалту. Людзі кажуць, што «не» значыць «не».

Наша грамадства цяпер дэманструе тое, што гісторыя фэмінізму напрацавала, — як адказваць на гвалт, як быць адчувальнай, як абʼядноўвацца, што такое сястрынства. Мы цудоўна разумеем, што з гэтага не вынікае, што потым жанчыны будуць разглядацца як роўныя, калі ўзнікне пытанне пра заняцце палітычных пазіцый. За гэта трэба будзе змагацца. Але мы падкрэсліваем, што гэты дыскурс пранізвае ўсё грамадзтва.

Святлана Гатальская: Я адна з заснавальніц ініцыятывы «Маршыруй, дзетка». Ты так называеш ініцыятыву і вельмі чакаеш, калі адбудзецца жаночы марш, на якім ты выкажаш нязгоду з рашэннем уладаў у справе хатняга гвалту, і вось аказваецца, што гэта ўсё няважна. Наша ініцыятыва цяпер не працуе на тую першую мэту — закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, але менавіта цяпер фэмінісцкая ідэя пранізвае ўсё беларускае грамадзтва. Я бачу зараджэнне фэмінісцкіх каштоўнасцяў ва ўсіх маршах, калі жанчыны не баяцца выказвацца, не баяцца трапіць у турму за гэта.

Улады сваімі брутальнымі дзеяннямі яднаюць ня толькі жанчын, але і ўсё беларускае грамадзтва. Я б ніколі не сустрэлася са столькімі спартоўкамі, цудоўнымі пенсіянеркамі, актывісткамі дваровых ініцыятываў... Дзякуючы таму, што я трапіла за краты, у мяне ёсць вялізарная выбарка мэтавай аўдыторыі, новых жанчын, сябровак, каляжанак. Жахлівы досвед прынёс нешта добрае, узмацніў і мяне ў тым ліку, і кожную жанчыну, якая была за кратамі.

Юлія Міцкевіч: Важна гаварыць пра палітычны пратэст жанчын. Я маю сваю вэрсію, чаму стала больш гвалту супраць жанчын, калі ім пачалі даваць суткі, калі пачалі брутальна затрымліваць. Гэта звязана з тым, што жанчыны перасталі проста стаяць з кветкамі ў прыгожым адзенні. Улада адчула, што яны сталі палітычным субʼектам. На нядзельных маршах была фэм-калёна, былі фэмінісцкія плякаты з палітычнымі патрабаваннямі. Улада хоча нас пакараць, а мы становімся ня проста жанчынамі, якіх затрымалі, а жаночай сеткай, сеткай актывістак.

Важна, каб жанчыны ўсведамлялі, што тое, што яны робяць, — гэта палітычная дзейнасць. Гэты парадак дня трэба прасоўваць. Менавіта таму мы прапанавалі Святлане Ціханоўскай стварыць пасаду дарадцы па гендэрнай палітыцы, гендэрных пытаннях, і будзем трымаць руку на пульсе. У нас у камеры была жанчына, якая казала, што ўсё роўна палітыкай павінны займацца мужчыны, бо яны мацнейшыя, а жанчыны — гэта пра іншае, кухню, дзяцей. Мы кажам ёй у адзін голас: вы ж тут седзіце, жанчына, палітычная зняволеная. Яна была здзіўленая: мяне ж не за палітыку ўзялі, а за ўдзел у маршы. У нас многія жанчыны выходзяць на вуліцу і лічаць, што яны ня ўдзельнічаюць у палітыцы. Гендэрная адукацыя правісае, і мы гэтым будзем займацца. А фэмінісцкі кантэкст сапраўды прысутнічае ня толькі на жаночых маршах, але і ў цэлым у грамадзтве. Важна гэта ня страціць, а толькі ўзмацняць, што мы і будзем рабіць.

www.svaboda.org