Адам Мальдзіс: 10 фактаў з жыцця
Сёння 85 гадоў споўнілася слыннаму беларусісту, літаратуразнаўцу, гісторыку, пісьменніку, журналісту, доктару філалагічных навук прафесару Адаму Мальдзісу. Прапануем вам дзесяць фактаў з жыцця Адама Іосіфавіча, некаторыя з якіх, магчыма, не надта вядомыя.
Факт 1
Адам Мальдзіс нарадзіўся 7 жніўня 1932 года на Астравеччыне ў сялянскай сям'і.
Факт 2
У друку з артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у сярэдзіне 50-х, калі яму было 22 гады Пачынаў як даследчык гісторыі беларускай культуры і літаратуры 17-19 стст., беларуска-польскія і беларуска-літоўскія літаратурныя ўзаемасувязі.
Факт 3
Адам Мальдзіс — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы». Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі, чатырма польскімі ганаровымі адзнакамі.
Факт 4
Аспірант Адам Мальдзіс у 1964 годзе адкрыў у Ягелонскай бібліятэцы рукапісны сшытак з таямнічымі знакамі — нотны зборнік з больш як двума сотнямі твораў свецкай музычнай культуры беларускіх зямель XVII стагоддзя, так званы «Полацкі сшытак».
Факт 5
Адам Мальдзіс меў дачыненне да назвы рок-гурту «Крама». Калі было вырашана канчаткова перайсці на беларускую мову, музыкі звярнуліся да яго з просьбай тлумачэння розных словаў, сярод якіх была і «Крама».
Факт 6
Адам Мальдзіс блізка сябраваў з Уладзімірам Караткевічам. У 2011 годзе Адам Іосіфавіч прапанаваў аб’явіць агульнанацыянальную падпіску на збор твораў пісьменніка пад дэвізам «Чытаем разам Уладзіміра Караткевіча». Дзяржава падтрымала гэтую ініцыятыву!
Факт 7
У траўні 2015 года Адам Мальдзіс выступіў з прапановаю аб «кананізацыі Францыска Скарыны трыма Цэрквамі: праваслаўнай, каталіцкай і ўніяцкай».
Факт 8
Адам Мальдзіс — ганаровы грамадзянін Астраўца. У кастрычніку 2016 года ён пратэстваў супраць высякання векавых дубоў у Астраўцы. Тады Мальдзіс заявіў, што гатовы адмовіцца ад звання ганаровага грамадзяніна, калі вырубку не адменяць.
Факт 9
Мальдзіс разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі ў чэрвені 2016 года заклікаў надаць Нацыянальнаму аэрапорту імя Скарыны.
Факт 10
Адам Мальдзіс мае дачыненне да адзінага ў Беларусі музея марозіва «Белы полюс», які працуе ў Мінску. Стваральнікі музею раіліся з ім наконт экспанатаў.
«Новы час» віншуе Адама Іосіфавіча з юбілеем! Зычым моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і творчасці дзеля Беларушчыны!