У Расіі настаўніка прысудзілі да 330 гадзінаў прац за верш пра Украіну
Суд у вёсцы Тросна Арлоўскай вобласці Расіі прысудзіў школьнага настаўніка Аляксандра Быўшава да 330 гадзінаў абавязковых прац за публікацыю на асабістай старонцы «ВКонтакте» вершы на незалежнасць Украіны.
Пра гэта ў панядзелак, 9 красавіка, паведамляюць Грані.Ру.
Адзначаецца, што настаўнік нямецкай мовы абвешчаны вінаватым паводле артыкулу аб распальванні нянавісці альбо варожасці.
Таксама ў якасці дадатковага пакарання на Быўшава накладзены трохгадовая забарона працаваць у школе.
Цяперашняя судовая справа Быўшава — трэцяя па ліку. Першыя дзве супраць яго распачалі адна за адной у 2014 годзе. Абедзве справы таксама былі кваліфікаваныя па частцы 1 артыкула 282 КК. У першай справе паэта абвінавачвалі за публікацыю верша "Украінскія патрыёты", у другой — верша "Украінскія паўстанцы". Другая справа ў пачатку 2015 года была спыненая. Між тым па першай справе Быўшаў 13 ліпеня 2015 года быў асуджаны да 300 гадзінаў абавязковых прац з двухгадовай забаронай працаваць у школе. Пасля гэтага паэта звольнілі са школы ў Кромах.
Пасля пачатку працэсу па трэцяй справе Быўшаў даў шэраг каментарыяў СМІ. Тады пракурор Трынзін запатрабаваў узмацніць падсуднаму меру стрымання — адправіць яго з-пад падпіскі аб нявыездзе ў СІЗА. Аднак суддзя Ярохін хадайніцтва адхіліў. Адмовіў ён і ў іншым хадайніцтве пракурора — пра закрыццё працэсу ад публікі.
Падчас суда ў спрэчках бакоў 4 красавіка раённы пракурор Аляксей Транзін запытаў для падсуднага два з паловай гады калоніі-пасялення. Сам паэт віну не прызнаў. Ён не адмаўляў факту публікацыі верша, аднак настойваў, што мае права на выказванне меркавання.
У прысудзе заяўляецца, што Быўшаў падтрымлівае "рэжым, які склаўся ва Украіне пасля дзяржаўнага перавароту 2014 года». Былі зацытаваныя паказанні сведак абвінавачвання. У іх, сярод іншага, адзначалася, што паэт "ў жыцці не адбыўся — вось і вырашыў пайсці шляхам Юды", "выказвае свой пункт гледжання, адрозны ад меркавання пераважнай большасці насельніцтва Расіі". Таксама згадваецца, што яго маці ўкраінка.
Дарэчы, верш “На незалежнасць Украіны” настаўнік апублікаваў у “ВКонтакте” 22 лютага 2015 года.
Нагадаем, у сакавіку 2014 года пасля анексіі Расіяй Крыма Аляксандр Быўшаў напісаў два вершы, у якіх у рэзкіх выразах заклікаў украінцаў супраціўляцца інтэрвентам. У рамках заведзенай на яго крымінальнай справы была праведзеная лінгвістычная экспертыза, якая не выявіла нічога крымінальнага ў вершах Быўшава.
Аднак затым была праведзеная яшчэ адна экспертыза, згодна з якой вершы Быўшав правакуюць нянавісць і варожасць да рускіх. Менавіта гэту паўторную экспертызу суд і далучыў да справы.
Паводле graniru.org, korrespondent.net