Украіна: «дыктатарскія законы» скасаваныя. Адстаўка Азарава яшчэ не прынятая
361 народны дэпутат Вярхоўнай Рады прагаласаваў за адмену законаў, якія абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды і былі прынятыя 16 студзеня «ў ручным рэжыме».
Вярхоўная Рада
13:50
Вярхоўная Рада пераважнаю большасцю галасоў скасавала законы, якія абмяжоўваюць магчымасці мірнага пратэсту (361 з 450 дэпутатаў). Януковіч адстаўку Азарава пакуль не прыняў.
11:30
Прэм’ер-міністр Мікалай Азараў падаў у адстаўку. Пра гэта паведамляе сайт украінскага ўраду. Пакуль не вядома, хто зойме ягонае месца: прадстаўнікі апазіцыі раней адкінулі прапанову
Януковіча заняць месцы ва ўрадзе.
11:10
«Партыя рэгіёнаў», што падтрымлівае Януковіча, заяўляе, што гатовая прагаласаваць за амністыю для затрыманых майданаўцаў — але толькі ў выпадку, калі Майдан разыдзецца.
Пакет законаў, што раней ухваліў украінскі парламент, прадугледжвае пакаранне за блакаванне дзяржаўных установаў, забарону выкарыстоўваць каскі на мітынгах, увядзенне ў Крымінальны кодэкс артыкулаў пра экстрэмізм і паклёп. Гэтыя законы даюць юрыдычныя падставы для сілавога разгону Майдану. Новыя артыкулы КК закрануць журналістаў і праваабаронцаў – іхныя матэрыялы пра злачынствы чыноўнікаў могуць кваліфікавацца як паклёп. Украінская апазіцыя называе скасаванне новых нормаў адною з галоўных умоваў, што высоўваюцца дзейным уладам.
Падчас перамоваў лідараў украінскай апазіцыі з прэзідэнтам краіны Віктарам Януковічам апошні паабяцаў скасаваць гэтыя законы. Акрамя таго, гаворка вялася пра амністыю для ўдзельнікаў пратэстаў, аднак улады патрабуюць неадкладна вызваліць захопленыя адміністрацыйныя будынкі ды разблакаваць вуліцы і дарогі.
МЛ, belsat.eu