У Данецку адбылося масавае пабоішча, ёсць забітыя (фота, жорсткае відэа)
Сутыкнуліся мітынг прыхільнікаў адзінства Украіны і прарасійская акцыя. Па звестках СМІ, людзям разбівалі галовы і выбівалі вочы жалезнымі прутамі.
Увечары ў чацвер у цэнтры Данецка сутыкнуліся дзве акцыі. Па колькасці мітынгі былі прыкладна аднолькавыя — па тысячы чалавек з кожнага боку, адзначае УНІАН.
Паводле папярэдніх афіцыйных звестак, падчас бойкі загінулі два чалавекі, 14 атрымалі раненні. У СМІ кажуць пра трох загінулых і дзясяткі пацярпелых. Усе яны з тых, хто выйшаў на плошчу за цэласнасць Украіны.
У карэце "хуткай" па дарозе ў бальніцу памёр 22-гадовы жыхар Данецка. Яго смяротна паранілі нажом за тое, што прыйшоў на мітынг за адзіную Украіну.
У параненых, па звестках СМІ, былі прабітыя галовы, траўмаваныя вочы і раны ад удараў металічнымі прутамі.
Як распавядае відавочца, агрэсія пачалася з боку натоўпу, які падтрымлівае Расію. Таксама відавочцы распавядаюць, што калі мітынг за адзінства Украіны пачаў разыходзіцца, агрэсіўна настроеныя прарасійскія актывісты не адпускалі людзей. Яны атачылі дэманстрантаў і пачалі распыляць газ, а таксама кідаць камяні. А сама сутычка пачалася пасля таго, як праўкраінскі мітынгоўцы праспявалі гімн Украіны.
Адразу пасля гэтага ў іх з боку прарасійскіх актывістаў паляцелі яйкі, петарды і дымавыя шашкі. Выйсці з плошчы Леніна мірным людзям дапамагла міліцыя, паплаціўшыся за гэта парэзанымі шынамі аўто і пабітым аўтобусам.
Фота — novosti.dn.ua