У Тбілісі адбыўся 50-тысячны мітынг за вызваленне Міхаіла Саакашвілі (фота)
Экс-прэзідэнт Грузіі з турмы заклікаў суграмадзян да прымірэння і аб'яднання.
Некалькі дзясяткаў тысяч чалавек прыехалі на акцыю з рэгіёнаў, амаль столькі ж на плошчы і жыхароў сталіцы, паведамляе агенцтва «Новости-Грузия».
Акцыя пачалася з таго, што гендырэктар апазіцыйнага канала «Мтавары» і адзін з адвакатаў Саакашвілі Ніка Мелія прачытаў яго
пасланне.
Саакашвілі заклікаў грамадскасць краіны да прымірэння і
аб'яднання. Ён таксама заклікаў прыхільнікаў апазіцыі 30 кастрычніка
прагаласаваць за кандыдатаў ад «Нацыянальнага руху», якія па выніках
галасавання 1 кастрычніка на мясцовых выбарах выйшлі ў другія туры практычна ва
ўсіх буйных гарадах Грузіі.
— Цяпер не час падзяляцца ні па якіх прыкметах — ні па
партыйных, ні па нейкіх іншых. Пара вызваліць Грузію, і самае неабходнае сёння
для гэтага — адзінства. Важна ўсвядоміць, што наша грамадства, краіна, маюць
патрэбу ў вялікім прымірэнні, — гаворыцца ў звароце Саакашвілі. — Краіне сёння
жыццёва неабходна, каб мы перасталі зневажаць адно аднаго і сеяць нянавісць
адно да аднаго! Мы павінны дараваць адно аднаму — пра гэта я пішу з турэмнай
камеры як незаконны зняволены, але буду дзейнічаць у такім жа духу і выйшаўшы
адсюль.
Нагадаем, што экс-прэзідэнт Грузіі быў затрыманы 1
кастрычніка, калі вярнуўся ў краіну з Украіны. За восем гадоў адсутнасці ў
Грузіі Саакашвілі быў двойчы завочна асуджаны і прысуджаны да шасці гадоў
зняволення за службовыя злачынствы.
Паводле «Салідарнасці».