Туркменістан. Панікёраў пакараюць
У Туркменістане пачалася актыўная праца па барацьбе з чуткамі пра смерць або нездароўе прэзідэнта Гурбангулы Бердымухамедава.

Паводле дадзеных апазіцыйных СМІ, сілавыя ведамствы ўжо затрымалі трох чалавек, якіх абвінавачваюць у распаўсюдзе чутак, што спрыяюць дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. Затрыманыя — работнікі ЖКГ і воднай гаспадаркі, якіх, мяркуючы па ўсім, чакае суровая кара.
Зараз увесь туркменскі афіцыёз узняты на барацьбу з распаўсюджвальнікамі чутак, якіх называюць таксама «здраднікамі радзімы». Прапануюцца розныя формы пакарання — аж да выпальвання гарачым жалезам.
Цяжка сказаць, ці здолеюць улады карнымі метадамі пагасіць інсінуацыі, якія набываюць палітычны характар.
Цікава, што сам кіраўнік краіны дае глебу для чутак аб сваёй смерці. Бердымухамедаў 9 жніўня правёў пасяджэнне Кабінета міністраў па выніках работы ўрада за 7 месяцаў бягучага года і, на здзіўленне ўсіх, гэтым разам нікога з чыноўнікаў не пакараў. Многіх у сеціве такія паводзіны настолькі здзівілі, што далі падставу казаць: на месцы кіраўніка Туркменістану быў двайнік.
Паводле туркменскай прэсы