Суд дазволіў зруйнаваць Дом Масквы ў цэнтры Вільні
Дом Масквы ў цэнтры Вільні прызнаны незаконнай пабудовай. Яго вырашана знесці.
Акруговы суд Вільні даў будаўнічай інспекцыі права знесці Дом Масквы і загадаў штрафаваць дзяржаўную ўстанову, якая кіруе будынкам, на 300 еўра за кожны дзень невыканання рашэння.
Паводле інспекцыі, літоўскім заканадаўствам не прадугледжана магчымасць экспрапрыяцыі незаконна пабудаваных аб'ектаў. Таму, калі няма магчымасці іх легалізаваць, застаецца толькі адзіны законны спосаб — знос, паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на LRT.
«Пасля таго, як суд прадаставіў будаўнічай інспекцыі права знесці незаконна пабудаваны будынак, у бліжэйшы час будзе складзены каштарыс на знос і праведзена працэдура публічных закупак для вызначэння падрадчыка, які будзе выконваць работы па зносе. Плануецца, што праект будзе завершаны да канца 2023 года», — гаворыцца ў паведамленні інспекцыі.
Яшчэ ў снежні 2016 года акруговы суд Вільні прызнаў дазвольны дакумент на будаўніцтва, выдадзены Віленскім муніцыпалітэтам у 2008 годзе, несапраўдным і абавязаў забудоўшчыка — гэта значыць Дзяржаўную ўстанову «Moskva kulturo ir verslo centras Moskvos Namai» — атрымаць новы дазвол і пераабсталяваць будынак у адпаведнасці з ім.
Калі б забудоўшчык не рэканструяваў будынак, Дзяржаўная ўстанова была б абавязана знесці яго, а калі б яна гэтага не зрабіла, суд дазволіў бы будаўнічай інспекцыі правесці работы па зносе.
У лютым 2020 года выкананне рашэння было прадоўжана на два гады — канчатковыя тэрміны яго выканання надышлі ў кастрычніку гэтага года.
Ідэя Дома Масквы ў Вільні рэалізоўвалася з 2004 года, пасля візіту тагачаснага мэра Масквы Юрыя Лужкова ў літоўскую сталіцу. Было абвешчана, што Дом Масквы стане цэнтрам культурнага і дзелавога супрацоўніцтва паміж Масквой і Вільняй.
Дом Масквы пачалі будаваць у Вільні ў 2008 годзе. Пазней літоўская Дзяржінспекцыя па планаванні тэрыторый і будаўніцтве заявіла, што будаўніцтва вядзецца з парушэннямі тэхнічнага рэгламенту. У 2016 годзе Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы прызнаў будынак пагрозай для краіны, а адміністрацыя Вільні адмовіла ў магчымасці яго дабудовы.
Тады ж, у 2016 годзе, акруговы суд Вільні часткова задаволіў пазоў будаўнічай інспекцыі і прызнаў, што выдадзены муніцыпалітэтам дазвол з'яўляецца незаконным, паколькі парушае патрабаванні па вышыннасці і шчыльнасці забудовы, што былі ўстаноўлены самім муніцыпалітэтам у дэталёвым плане гэтай тэрыторыі.
Паводле www.eurointegration.com.ua, www.gazeta.ru