Алег Жданаў: Удар з боку Беларусі на сёння — гэта не перспектыва заўтрашняга дня

Украінскі ваенны эксперт адзначае, што некаторы час з Беларусі ўжо не ажыццяўляюцца ракетныя і авіяцыйныя ўдары па Украіне. Што гэта азначае і ці верагодны ядзерны ўдар па тэрыторыі нашай паўднёвай суседкі з боку Сінявокай?

1529491418_65048070_1.jpg


Алег Жданаў лічыць, што ракетны ці авіяцыйны ўдар з паветранай прасторы або з тэрыторыі Беларусі па-ранейшаму магчымы. Але з агаворкай.

— Летам былі актыўныя размовы пра патрэбы разарваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю. Была цэлая хваля ў СМІ, заявы ад палітыкаў і чыноўнікаў. Пасля гэтага спыніліся агнявыя ўдары з тэрыторыі Беларусі, — распавядае эксперт у новым выпуску на сваім Youtube-канале. — Спыніліся настолькі, што на гэтым тыдні расійскія войскі забралі свае тры няшчасныя МіГ-31, якія маглі несці ракету «Кінжал», як заяўляюць яе расійцы, і перагналі іх у Запаляр'е.

Таму звяртаю ўвагу, што з тэрыторыі Беларусі ні ракетныя, ні авіяцыйныя ўдары не ажыццяўляюцца ўжо даволі даўно. Гэта можа казаць, што была дасягнута нейкая дамоўленасць: напрыклад, Лукашэнка больш не прадастаўляе сваю тэрыторыю для нанясення агнявых удараў па тэрыторыі Украіны, а яна не разрывае з Беларуссю дыпламатычных адносін і не наносіць у адказ удараў па беларускіх ваенных аб'ектах.

Думаю, менавіта на гэтым заснаваны больш-менш упэўненыя заявы нашага ваеннага і палітычнага кіраўніцтва аб тым, што мы не назіраем фарміравання ўдарных груповак на тэрыторыі Беларусі і ўдар з боку Беларусі на сёння — гэта не перспектыва заўтрашняга дня. Гэта мае вельмі нізкую верагоднасць, хоць і адкідаць яе нельга.

Пры гэтым ваенны эксперт адзначае, што адцягванне ўкраінскіх сіл і сродкаў на беларускай мяжы ўсё ж ёсць.

— Мы вымушаны трымаць групоўку войскаў. Як гаворыцца, на бога спадзявайся, але сам не памыляйся. Таму нашы войскі ёсць, мы праводзім вучэнні і ўмацоўваем мяжу.

Што тычыцца тактычнай ядзернай зброі, то на сёння Пуцін не гатовы яе ўжываць нават на лініі фронту з тэрыторыі Расіі, а ўжо з тэрыторыі Беларусі, я думаю, гэта яшчэ больш складана. Калі за дзевяць месяцаў Пуцін не змог даціснуць Лукашэнку, каб той аддаў загад для наступлення беларускай арміі, то тады пра што мы гаворым у плане прымянення ядзернай зброі?

Гэта ж Лукашэнка павінен дазволіць правоз ядзерных боепрыпасаў на тэрыторыю Беларусі і іх прымяненне. Гэта немагчыма схаваць пры сучасных метадах вядзення разведкі і назірання. Як толькі Пуцін скажа «Будзем ужываць ядзерную зброю», праз пяць хвілін пра гэта будуць ведаць на Захадзе. А яшчэ будуць ведаць, з якога сховішча, арсенала будзе брацца і які від боепрыпасаў.