Не жарт, а скрэпы. Пуцін загадаў папулярызаваць у РФ Івана-дурня і Бабу-Ягу. Адказны — прэм'ер Мішусцін

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін вырашыў зрабіць больш папулярнымі герояў расійскай гісторыі і фальклору, якія адпавядаюць «традыцыйным каштоўнасцям». Для гэтага ён даручыў ураду прыняць адпаведныя меры, паведамляе РІА «Новости».

r1xtkigfuzrzdjk53ax0iw.jpg

У даручэнні Пуціна гаворыцца, што «ўраду неабходна прыняць меры, накіраваныя на папулярызацыю герояў расійскай гісторыі і фальклору, якія адпавядаюць традыцыйным каштоўнасцям».

Гаворка ідзе, у тым ліку, аб выкарыстанні малюнкаў гэтых герояў пры вытворчасці выяўленчай, друкаванай, сувенірнай і іншай тыражуемай прадукцыі і тавараў народнага спажывання.

Адказным за гэтую працу прызначаны прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін, тэрмін выканання пастановы — да 15 траўня 2023 года.

24 лістапада Дзярждума РФ прыняла ў трэцім (канчатковым) чытанні пакет законаў аб поўнай забароне «прапаганды нетрадыцыйных сексуальных адносін». 30 лістапада іх ухваліў Савет Федэрацыі, а 5 снежня падпісаў Пуцін — пасля гэтага новыя правілы адразу ўступілі ў сілу.

9 лістапада Пуцін зацвердзіў асновы дзяржаўнай палітыкі «па захаванні і ўмацаванні традыцыйных расійскіх духоўна-маральных каштоўнасцей».

Каментар «НЧ». У самой ідэі папулярызацыі персанажаў народнага фальклору нічога заганнага, вядома, няма. Бянтэжыць тое, што ў Расіі нават Бабу-Ягу з Іванам-дурнем і Сіўкай-Буркай паставілі на служэнне прапагандзе і змаганню з «тлятворным уплывам Захаду». Ну і, канешне, пікантненька выглядае тое, што на гэты важны фронт кінулі адказным цэлага прэм'ера. У Мішусціна цяпер не будзе больш адказнай справы, як сачыць за прасоўваннем у масы Кашчэя Бессмяротнага.

Паводле «Украінскай праўды».