Канфуз на будоўлі «Газпрам-Цэнтра»: абсталяванне на 20 мільёнаў долараў сапсавалася

Нядаўна «Газпрам трансгаз Беларусь» канчаткова прайграў суд на $30 мільёнаў сербскай кампаніі-пастаўшчыку абсталявання для энергацэнтра. Але цяпер вакол гэтай гісторыі разгараецца скандал. 

img_5158_1zi3z_fewnk.jpeg

Нагадаем, вялізны комплекс «Газпрам-цэнтра» хацелі забяспечваць энергіяй з дапамогай сваёй міні-ТЭЦ. З некалькіх канцэпцый рэалізацыі гэтай ТЭЦ выбралі рашэнне на базе газавых турбін. Займацца гэтым мелася сербская кампанія «Энергапраект Апрэма». Крыніцы «Н*ша Н*вы» расказалі пра новыя дэталі гэтага шматмільённага кантракта.

«У ідэале планавалася, што абсталяванне купіць сам «Газпрам-Трансгаз», далей вызваліцца ад пошлін і ПДВ згодна са спецуказам, а затым перадасць яго сербам толькі для мантажу, — расказваюць суразмоўцы. — Але нешта пайшло не так, і сербы самі купілі абсталяванне і даставілі яго на пляцоўку для мантажу. Што таксама павялічыла выдаткі, бо для сербкай «дачкі» вызвалення ад пошлін і ПДВ прадугледжанае не было».

Па словах суразмоўцаў, недзе ў гэты час выявіліся хібы ў праекце ўсяго комплексу, забуксавала і будаўніцтва ТЭЦ. Сербам перасталі праводзіць плацяжы, прапанавалі забраць абсталяванне і змірыцца.

Тыя адмовіліся. Паколькі «Газпрам-Трансгаз» сам спыніў будаўніцтва, а абавязкі па пакупцы абсталявання былі выкананыя сербамі ў поўным аб'ёме, яны падалі іск у арбітраж з патрабаваннем кампенсаваць выдаткі.

«Начальства «Газпрам-Трансгазу» лічыла, што яны абавязкова перамогуць у судзе, — кажа крыніца. — І нават пасля першага званочка, пройгрыша ў Стакгольме, яны працягвалі верыць, што будзе паспяховая апеляцыя, таму што «суд не ўлічыў важных абставін».

Увесь гэты час абсталяванне прастойвае: разгляд у Стакгольме доўгі, а зверху яшчэ наклаўся ковід, і тэрміны зацягнуліся. А паколькі умовы захоўвання не адпавядалі тым, што прадугледжаныя інструкцыяй, абсталяванне стала псавацца.

«Тэхніку ўгробілі, добрая палова яе ўжо не ўяўляе прамысловай каштоўнасці, а кошт рамонту другой паловы сувымерны з цаной пакупкі новай, — дадаюць крыніцы. — Цяпер склалася камічная сітуацыя: на днях у «Газпрам-Трансгазе» сфармаваная камісія па прыёмцы металалому ў саміх сябе. Энэргетыкі «Газпрам-Трансгазу» ламаюць галаву, куды дзяваць гэты металалом і як адчытвацца перад Масквой.

Бо за гэты час змянілася праектнае рашэнне, і новы генеральны падрадчык узгадніў праект міні-ТЭЦ не на газавай турбіне — адпаведна, у Мінску гэта ўсё ўжо не патрэбнае. Зрэшты, і будоўля стаіць. А на іншы праект праз тэхнічны стан гэта ўсё таксама не адправіш. Карацей, назіраем».