Шэрагі "Ісламскай дзяржавы" актыўна папаўняюць грамадзяне Расіі
Паводле ацэнак Федэральнага агенцтва па справах нацыянальнасцяў (ФАДН), да баевікоў экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» далучыліся ўжо каля дзвюх тысяч грамадзян Расіі.
Як паведаміў кіраўнік ФАДН Ігар Паноў у інтэрв'ю газеце «Коммерсант», цяпер агенцтва распрацоўвае са спецслужбамі і Генпракуратурай сістэму, якая будзе аператыўна праводзіць ацэнку сайтаў і СМІ на прадмет прапаганды экстрэмісцкіх і тэрарыстычных поглядаў для наступнай блакіроўкі Раскамнаглядам інтэрнэт-рэсурсаў і выдалення небяспечнага кантэнту.
Паводле інфармацыі Бі-бі-сі, Федэральная служба бяспекі раней ацэньвала, што расіяне складаюць да 8 % ад агульнай колькасці баевікоў ІД.
Сакратар Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў ў чэрвені казаў, што на баку ІД ваююць больш за тысячу грамадзян Расіі, і прыток добраахвотнікаў у іх шэрагі спыніць пакуль немагчыма.
У пачатку чэрвеня шырокі рэзананс атрымала гісторыя са студэнткай МДУ Варварай Караўлавай, якая накіроўвалася ў Сірыю і была затрыманая на сірыйска-турэцкай мяжы. Разам з Караулавай была затрыманая група з 13 расійскіх грамадзян, якія, як мяркуецца, мелі намер далучыцца да ісламістаў у Сірыі.