Рускіх турыстаў хочуць вазіць у Крым на ваенных дэсантных караблях

Расійскія сілавікі пачалі абшукваць усе машыны, якія едуць на Крымскі мост. Гэта справакавала заторы даўжынёй у кіламетры. На нарадзе ў Пуціна вырашылі ратаваць турыстычны сезон паводле законаў ваеннага часу.

Фота з сайта www.5.ua

Фота з сайта www.5.ua

Шматкіламетровы дарожны затор узнік ля Крымскага моста ў мінулую суботу, 1 ліпеня. У Расаўтадоры заявілі, што затор утварыўся з-за надгляду багажу ў аўтамабілях, колькасць якіх вырасла з-за пачатку адпускнога сезона. У панядзелак, 3 ліпеня, даўжыня затору склала 13 кіламетраў.

Станам турызму заклапаціліся нават у Крамлі. Там нестандартна падышлі да вырашэння праблемы — і прапанавалі пачаць падвоз турыстаў дэсантнымі караблямі або праз акупаваныя РФ тэрыторыі Украіны.

Так, кіраўнік Мінтрансу РФ Віталь Савельеў паведаміў на нарадзе, што нагрузка на Крымскі мост павялічыцца бліжэй да выхадных, а пікавая нагрузка чакаецца 16-17 ліпеня. У гэты час, «калі трэба будзе», для перавозкі аўтамабіляў задзейнічаюць два вялікія дэсантныя караблі. Такія караблі, са слоў Савельева, гатовы даць міністр абароны Сяргей Шайгу.

Савельеў адзначыў, што па Крымскім мосце едуць толькі легкавыя аўтамабілі, а турыстычныя аўтобусы і грузавікі перавозяць у Крым на шасці паромах (яшчэ адзін пачне хадзіць 7 ліпеня).

Губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў, калі выступаў на нарадзе, прапанаваў у выпадку «кратнага» павелічэння чэргаў выкарыстоўваць транспартны калідор у Крым праз «новыя рэгіёны» (так ён назваў анексавання тэрыторыі Украіны). 


Глядзіце таксама

Уладзімір Пуцін у адказ даручыў губернатару разам з МНС, МУС і іншымі ведамствамі ацаніць гэтую прапанову «з усіх пунктаў гледжання». І пагадзіўся накіраваць частку патоку турыстаў на захоплены паўвостраў не па Крымскім мосце, а праз часова акупаваныя тэрыторыі Данецкай і Запарожскай абласцей.

«Трэба ацаніць гэтую сітуацыю з усіх пунктаў гледжання, але, вядома, усе магчымасці выкарыстоўваць, з гэтым я згодны. У мяне просьба працаваць зладжана разам з усімі службамі — з рэгіянальнымі, з транспартным ведамствам, з МНС, з МУС. Усё, што магчыма зрабіць для грамадзян, трэба зрабіць», — заявіў Пуцін.

«Я перагаварыў з [міністрам абароны РФ Сяргеем] Шайгу, ён нам прадаставіць у выпадку неабходнасці два вялікія дэсантныя караблі, кожны з якіх бярэ па 40 аўтамабіляў. Калі яны будуць рабіць па пяць рэйсаў у суткі, гэта яшчэ па 200 аўтамабіляў кожны дэсантны карабель, гэта значыць у цэлым да тысячы аўтамабіляў зможам перавозіць па пераправе», – сказаў кіраўнік Мінтрансу Віталь Савельеў.


Глядзіце таксама


Заторы на Крымскім мосце: што вядома

У пачатку ліпеня на Крымскім мосце ўтварыліся шматкіламетровыя заторы. Расійскія ўлады патлумачылі, што гэта звязана з тым, што сілавікі пачалі ўважліва даглядаць абсалютна ўсе аўтамабілі, якія заязджаюць на Крымскі мост з боку Краснадарскага краю РФ на фоне турыстычнага сезону.

Праўда, некаторыя СМІ паведамляюць, што інтэнсіўныя праверкі былі ўведзеныя з іншай прычыны – Масква асцерагаецца, што незадаволеныя «вагнераўцы» пасля няўдалага паўстання і фактычнага расфарміравання ПВК могуць планаваць атаку.

Да раніцы 4 ліпеня, паводле паведамлення так званых «уладаў» Крыма, даўжыня затору на пад'ездзе да Крымскага моста з боку Расіі перавышала 13 кіламетраў. Да вечара, праўда, яна скарацілася да 4 кіламетраў. Аднак, паводле прагнозаў РФ, турыстычны сезон у разгары, і пікавай сітуацыя на мосце стане 16-17 ліпеня.


Глядзіце таксама

Паводле meduza.io УНІАН