«Іронія лёсу» па-еўрапейскі

У нас існуе традыцыя: паказваць на навагоднія святы фільм «Іронія лёсу». Маўляў, табе столькі гадоў, колькі разоў ты глядзеў гэтае кіно. Але і ў замежжы існуе такая ж традыцыя. У Еўропе, калі верыць медыя, гэта фільм «Тры арэшкі для Папялушкі».



orekh_1_25122015.jpg

Свае клубы фанатаў, абавязковыя рэгулярныя фестывалі аматараў і рэканструктараў сюжэту стужкі, выставы касцюмаў, у якіх гулялі героі карціны, статус аднаго з лепшых фільмаў ХХ стагоддзя, рэстаўрацыі старога кінаматэрыялу, каб глядзець фільм у фармаце High Definition, святкаванні з нагоды юбілею, прэм’еры і нават спецыяльны названы ў гонар стужкі гатунак цукерак. Гэтыя адзнакі культавага фільму, падавалася, найменш пасуюць фільму «Тры арэшкі для Папялушкі».

 

Груба кажучы, зняты ў 1973 годзе чэхаславацка-нямецкі фільм — трошкі падпраўленая версія класічных гісторый Шарля Перо, Братоў Грым і Бажэны Нямцовай пра прыгоды Папялушкі. Адрозненне ад таго ж Шарля Перо — у тым, што Папялушка набывае сваё шчасце не з удзелам феі-хроснай, а з дапамогай трох чароўных арэшкаў. Стужка першапачаткова яўна была разлічаная на дзіцячую аўдыторыю, максімум — на сямейны прагляд.

 

Аднак у выніку твор рэжысёра Вацлава Ворлічака стаў феноменам. Пра гэта сведчаць не толькі пералічаныя вышэй праявы яго папулярнасці, аднак і статыстыка. Напрыклад, у Германіі на Каляды і навагоднія святы 2012/2013 года фільм быў паказаны 14 разоў. Прыкладна 150 тысяч чалавек штогод наведваюць нямецкі замак Морыцбург (Moritzburg), дзе адбываліся здымкі.

 

Таксама варта адзначыць, што фільм, створаны «сацыялістычнымі» кінатворцамі, змог стаць папулярным на Захадзе. Папялушку Ворлічэка дазволілі нават у Іспаніі, дзе ў часы дыктатуры Франка дзейнічаў суровы прынцып табу на ўсё, што ідзе з таго боку «жалезнай заслоны».

 

Не абышлося ў гісторыі фільму і без кур’ёзаных учынкаў. У лютым мінулага году невядомы скраў з музею ў Морыцбургу сукенку Папялушкі, у якой яна ў фільме танчыла на балі. Праўда, праз пару месяцаў злодзей вярнуў паліцыі скрадзенае. У 1993 годзе на асноўным нарвежскім канале на Каляды ўпершыню за 30 гадоў вырашылі не дэманстраваць «Трох арэшкаў». У выніку выбухнуў нацыянальны скандал. Нарвежцы (прычым, розных пакаленняў) літаральна атакавалі дырэкцыю канала, патрабуючы вярнуць ім любімую казку. З таго часу падобных выхадак нарвежскае ТБ сабе не дазваляе. Увогуле, у Нарвегіі штогод на Каляды «Тры арэшкі» глядзіць кожны пяты жыхар краіны.

orekh_2_25122015.jpg

У асяроддзі кінакрытыкаў дасюль працягваюцца дэбаты — у чым сакрэт фурору твору Ворлічака? Натуральна, усім падабаецца, што ў канфлікце зла і дабра, што разварочваецца на экране, у выніку перамагае дабро. Але хапае і арыгінальных версій. Так, нямецкая газета "Die Welt" сцвярджае, што сваім поспехам стужка абавязаная... снегу. Снегу на экране сапраўды шмат. Паводле нямецкіх кінакрытыкаў, менавіта сталы снежны фон стварае ў гледача незвычайны святочны навагодні настрой.

 

У кінарэцэнзіях шмат пішуць пра вельмі эмансіпаваны ў параўнанні з арыгіналам Шарля Перо тыпаж Папялушкі. У фільме Папялушка не забітая, пакорлівая прыслуга. У Ворлічэка, як пісаў адзін з крытыкаў, яна «ўвасабляе дух супраціву дзіўнай іроніі лёсу за кошт здольнасці рэагаваць на ўсё з гумарам».

 

У дадатак гераіня Лібушэ Шафранковай (выканаўца галоўнай жаночай ролі) ліха скача на кані, па-майстэрску страляе з арбалету, смела пачынае кідацца снежкамі ў прынца. Такая постаць дзяўчынкі вельмі адпавядае сучаснаму постфеміністычнаму жаночаму стылю. У дадатак гэта значна павялічвае кола спажывальнікаў прадукту. Адным на экране цікавая рамантычная фабула, а іншым — так званы «action».

 

На адным з расійскіх кінасайтаў сцвярджаюць, што ледзь не галоўны фактар паспяховага рэцэпту «Трох арэшкаў» — дуэт маладых арыстакратаў-недарэкаў, з якімі сябруе прынц. Парачка ідыётаў надае сюжэту камічны прысмак, падобна таму, як рабіла непаўторная Ранеўская ў старой савецкай «Папялушцы» па п’есе Шварца. Праўда, аўтар кінарэцэнзіі згодны, што выканаўцы асноўных роляў вельмі прыгожыя і цудоўна граюць.

 

Фільм, дарэчы, стаў пераломным у біяграфіі актораў «Трох арэшкаў». 19-гадовая Лібушэ Шафранкова пасля «Трох арэшкаў» стала зоркай мясцовага кінематографа, усенародным кумірам. Тандэм акцёраў Лібушэ Шафранкова — Павел Траўнічак (выканаўца ролі прынца) настолькі палюбіўся гледачам, што пазней яны яшчэ раз гралі разам прынца і прынцэсу ў іншым фільме. Адзін з актораў, занятых у карціне, з часам узначаліў міністэрства культуры Чэхіі.

 

У прынцыпе, эпапея «Трох арэшкаў» яшчэ не скончаная. Пачынаючы з 2005 года час ад часу з’яўляюцца спекуляцыі наконт здымак сіквелу карціны з абавязковым удзелам старой трупы акцёраў. Вацлаў Ворлічак, быццам, пагадзіўся на здымкі, аднак дасюль не знайшоў добрага сцэнару. А ў 2011 годзе стварылі тэатральную версію «Трох арэшкаў», дзе героі танчаць на лёдзе.

 

Застаецца дадаць, што ў нас «Тры арэшкі для Папялушкі» — хаця і вядомы фільм, аднак не мае статусу культавага. Аднак нішто не замінае вам у цяперашні калядны вечар разбурыць стэрэатыпы, паглядзеўшы Папялушку ў выкананні Лібушэ Шафранковай.