Размаўляйце па-славянску!
Ці мае перспектыву прадстаўлены нядаўна чэшска-харвацкі праект агульнай мовы для ўсіх славянскіх народаў?
У свеце жывуць 300–350 мільёнаў славян. Усе яны размаўляюць на сваіх мовах, якія, тым не менш, маюць граматычнае і лексічнае падабенства. І яно не дзіўнае, паколькі ўсе славянскія мовы фармаваліся на базе агульнаславянскага прататыпу, які, калі верыць лінгвістам, існаваў прыкладна ў VI стагоддзі. Пасля славянскі протанарод падзяліўся на шматлікія этнасы, і кожны з іх пачаў размаўляць на сваёй мове, што з часам былі кадыфікаваныя.
Ідэя адраджэння агульнай славянскай мовы ўпершыню паўстала сярод паўднёваславянскіх народаў, якія на працягу доўгага часу былі падпарадкаваныя туркам-асманам. У другой палове XVII стагоддзя харвацкі ксёндз Юры Крыжаніч накіраваўся ў Расію, каб пераканаць рускага цара ў неабходнасці палітычнага і рэлігійнага аб'яднання ўсіх славян, якія будуць размаўляць на агульнай мове: так званы «ruski jezik».
У Маскве тады падобных ідэй не зразумелі, а сам Крыжаніч быў адпраўлены ў Сібір. Але інтарэс да агульнай славянскай мовы ў расійскай адміністрацыі абудзіўся ў XIХ стагоддзі, калі ў славян Усходняй і Паўднёвай Еўропы пачаўся працэс нацыянальнага адраджэння, і, адпаведна, ідэя агульнаславянскай каардынацыі. Некаторыя лічылі, што фундаментам славянскага адзінства можа стаць агульная мова.
Улады Расійскай імперыі лічылі, што такая мова ў выглядзе рускай даўно існуе. Прынамсі, на сусветным сходзе славянскіх філолагаў і гісторыкаў, які праходзіў у Пецярбургу ў 1904 годзе, панавала менавіта такая думка. Пры гэтым не хавалася, што агульнаславянская (чытай, руская) мова павінна была спрыяць фармаванню на аскепках Аўстра-Венгрыі і Турцыі нейкай прарасійскай славянскай дзяржавы. Праўда, сярод некаторых еўрапейскіх панславістаў існавала і альтэрнатыўная прапанова — стварыць штучную агульнаславянскую мову.
Пасля рэвалюцыі 1917-га пра агульнаславянскую мову ў Расіі забыліся: бальшавікі, якія марылі пра сусветную рэвалюцыі, глядзелі на рэчы не рэгіянальна, а глабальна. Магчыма таму ў СССР назіралася фенаменальная мода на эсперанта — штучную мову, якая паўстала на базе раманскіх і нямецкіх гаворак. У першыя часы савецкай улады нават гучала ідэя адмовы ад кірыліцы.
Пазней, па ходзе аднаўлення Сталіным расійскай імперскай традыцыі, нефармальна паўстаў тэзіс, што мовай усіх прагрэсіўных людзей на планеце павінна быць мова, на якой размаўляў Ленін. Так ці інакш, час для фармавання агульнаславянскай мовы быў страчаны. Ва ўсіх славянскіх краінах на сярэдзіну ХХ стагоддзя паўсталі літаратурныя мовы, і кожны славянскі народ лічыў іх важнай часткай сваёй ідэнтычнасці. Калі палеміка наконт моўнай інтэграцыі славян і ўзнікала, дык выключна на старонках выданняў, прызначаных для акадэмічнай публікі.
І вось у гісторыі спробаў стварэння агульнаславянскай мовы нечаканы віраж. Напачатку лета з’явілася інфармацыя пра тое, што прафесар аднаго з пражскіх універсітэтаў Войтэх Мерунка прыдумаў агульную славянскую мову. Яму дапамагаў харват Эміль Херсак. Прэзентацыя правілаў новай мовы адбылася ў ліпені.
Абодва вынаходнікі агульнаславянскай мовы паходзяць з прыхільнікаў эсперанта. Таму галоўны акцэнт, як у эсперанта, робіцца не на моўны канон, а на камунікацыю і, перш за ўсё, у інтэрнэце. Фактычна па прынцыпе эсперанта будуюцца і іншыя правілы «новаславянскай мовы» — так называюць свой прадукт яго аўтары. Пры гэтым вынаходнікі агульнаславянскай мовы таксама лічаць, што яна не павінна быць эрзацам існуючых моваў у славянскіх краінах.
Дарэчы, тандэм Мерунка — Херсак кажа, што стымулам для стварэння новай мовы стала пачуццё сораму за тое, што тыя ж балгары і чэхі сёння размаўляюць паміж сабой па-англійску, хаця балгарская і чэшская мовы вельмі блізкія.
Пакуль рэакцыя наконт «славянскага эсперанта» супярэчлівая. У Расіі, як і трэба было чакаць, вельмі здзівіліся таму, што ў падмурак агульнаславянскай мовы не закладзеная руская. Украінцы быццам бы і не супраць эксперыментаў з новай мовай, аднак патрабуюць, каб рускую абавязкова лічылі ўкраінскай, паколькі да прыбыцця ў Маскву кіеўскіх святароў там, быццам бы, размаўлялі на цюркска-мангольскай трасянцы.
Цікавыя ў гэтай гісторыі і асобы стваральнікаў «навамовы». Мерунка і Херсак — дастаткова маргінальныя фігуры. Па сутнасці, гэта нікому не вядомыя аматары эсперанта, якіх хапае ў кожнай краіне Еўропы. Тым не менш, іх праект агульнаславянскай мовы асвятляюць амаль усе вядучыя сусветныя СМІ. Ці стаіць нешта за іх незвычайнай ініцыятывай, невядома. Але нельга не заўважыць, што славяне пасля выхаду Вялікабрытаніі са складу ЕС колькасна ператвараліся ў самую вялікую этнічную групу ў Еўрасаюзе — прыкладна 32 працэнты супраць 31 працэнта прадстаўнікоў раманскіх народаў і 27 працэнтаў германскіх.