Расійскія ўлады ўстанавілі асобы 134 загінулых у выніку тэракту ў «Крокус Сіці Холе»
Следству ўдалося ўстанавіць асобы 134 загінулых у выніку тэракту ў «Крокус Сіці Холе». Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале Следчага камітэта Расіі.
«Паводле іншых, пакуль неўстаноўленых загінулых, праводзяцца генетычныя экспертызы», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Паводле апошніх афіцыйных звестак, у выніку тэракту загінулі 144 чалавекі. 30 сакавіка ва ўпраўленні МНС Маскоўскай вобласці заявілі, што колькасць пацярпелых вырасла да 551 чалавека. Днём раней паведамлялася пра 382 пацярпелых.
27 сакавіка Следчы камітэт паведамляў, што атрымаў 143 заявы ад пацярпелых аб знікненні іх родных або блізкіх у выніку тэракту ў «Крокус Сіці Холе». Ці адпавядае колькасць зніклых без вестак ліку заяў, якія паступілі, у СК не ўдакладнялі.
Пра тое, што ў выніку тэракту ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» пацярпеў 551 чалавек, паведамляў таксама ТАСС са спасылкай на падмаскоўнае ўпраўленне МНС Расіі. Гэта не лічачы загінулых.
«Па стане на 06:00 30 сакавіка 2024 года ў выніку тэракту пацярпелі 695 чалавек (у тым ліку 15 дзяцей), з іх 144 чалавекі загінулі (у тым ліку 5 дзяцей)», — заявілі ў МНС.
У медыцынскіх службах удакладнілі ТАСС, што большасць пацярпелых былі накіраваныя на амбулаторнае лячэнне.
27 сакавіка тэлеграм-канал Baza пісаў, што, паводле папярэдніх звестак, пасля тэракту 95 чалавек лічацца зніклымі без вестак.
Нагадаем, што ў выніку тэракту загінулі трое грамадзян Беларусі — Алім Кашавараў і Вадзім Кулік, якія працавалі ахоўнікамі ў канцэртнай залі, а таксама жанчына 1978 года нараджэння.
Тэрарыстычны акт адбыўся 22 сакавіка 2024 года ў 20 гадзін па маскоўскім часе ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Краснагорску Маскоўскай вобласці Расіі перад пачаткам канцэрту гурта «Пікнік». Падзеі сталі другім па колькасці ахвяр тэрактам у Расіі, саступіўшы толькі тэракту ў Беслане 2004 года.
Адказнасць за напад узяло на сябе падраздзяленне тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» — «Вілаят Харасан».
Раніцай 23 сакавіка ылі затрыманыя чацвёра падазраваных уздзяйсненні тэракту грамадзян Таджыкістану. Затрыманне адбылося ў Бранскай вобласці. Меркаваныя тэрарысты ехалі на белым «Рэно». Гэтыя асобы названы ўладамі непасрэднімі выканаўцамі тэракту. Імі апынуліся Мухамадсабір Файзаў, Шамсідзін Фарідуні, Далерджон Мірзоеў і Саідакрамі Рачабалізода. Ужо 24 сакавіка яны паўсталі перад Басманным раённым судом горада Масквы і былі абвінавачаны ў тэрарызме.
Расійскія ўлады і прапагандысты (у тым ліку лукашэнкаўскія) актыўна прасоўваюць тэму датычнасці да тэракту Украіны, але ў гэта мала хто верыць, о версія выглядае цалкам сфальсіфікаванай і не мае аніякіх доказаў.