Эканаміст: Каб нарошчваць экспарт у Расію, мала апеляваць да «братэрскіх пачуццяў»
Эканаміст Анастасія Лузгіна — пра экспартныя планы беларускіх уладаў і аб'ектыўную рынкавую рэальнасць.
Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты прапанаваў караць прадпрыемствы, якія адстаюць ад планавых тэмпаў росту экспарту беларускіх тавараў на расійскі рынак. Вінаватымі ў гэтым ён палічыў у тым ліку маркетынгавыя службы гэтых кампаній.
«Тлумачце па канкрэтных прадпрыемствах, якія дапусцілі такое невыкананне. І адразу прапануйце меры, якія будзем выносіць потым, напэўна, на ўзровень урада па выніках першага квартала», — заявіў Круты 28 сакавіка на відэаканферэнцыі рабочай групы па маніторынгу паставак у РФ.
Чым у рэчаіснасці выкліканае невыкананне прагнозных паказчыкаў па экспарце беларускіх тавараў у Расію, і ці не перакладае пасол адказнасць з хворай галавы на здаровую? Пра гэта «Филин» пагаварыў з эканамістам, старшым навуковым супрацоўнікам BEROC Анастасіяй Лузгіной.
— Толькі ў лютым беларускі амбасадар у Расіі казаў пра рост экспарту і «гістарычную лічбу» ў 25 мільярдаў долараў, а ўжо праз месяц, аказваецца, экспарт не дацягвае да плана. Ці так вінаватыя ў гэтым маркетолагі, ці ёсць аб'ектыўныя прычыны для падзення?
— Атрымліваецца, летась маркетолагі працавалі добра, і ў першую чаргу былі зацікаўленыя ў росце продажаў, а сёлета раптам чамусьці сталі працаваць горш, — здзіўляецца эканаміст.
І пералічвае іншыя важныя фактары, якія паўплывалі на рост беларускага экспарту ў РФ:
— Адмоўны ўплыў на беларускі экспарт у Расію ў 2024 годзе аказала паступовае зніжэнне курсу расійскага рубля да замежных валют у 2023 годзе. Да гэтага, у другой палове 2022-га, расійскі рубель умацоўваўся. Яго наступнае паслабленне прывяло да пагаршэння ўмоў гандлю для беларускіх вытворцаў на расійскім рынку.
Такім чынам, тая перавага ў цане, якую мелі беларускія экспарцёры ў 2022 годзе за кошт ваганняў валют, да канца 2023 года паступова сышла на нішто.
Другі момант: расійская эканоміка, як і беларуская, паступова перабудоўвалася. Пачалі па-іншаму працаваць вытворцы, для якіх закрыліся заходнія рынкі, і ім давялося збольшага пераарыентавацца на ўнутраны рынак.
І трэці фактар — на расійскім рынку ў беларусаў з'явіліся і іншыя канкурэнты, у прыватнасці, прыйшоў Кітай, чые вытворцы, хутчэй за ўсё, прапануюць прадукцыю не горш, але па цане больш прывабную. Вядома, гэта адбывалася не адразу, таму ўмовы гандлю для беларусаў на рынку РФ пагоршыліся не аднамомантна, а паступова.
І хоць у цэлым 2023 год аказаўся добрым для беларускага экспарту ў Расію, у бягучым годзе гэтыя негатыўныя фактары пачалі дзейнічаць у поўную сілу.
У канцы 2023 года ў Расіі былі ўведзеныя жорсткія валютныя абмежаванні, і расійскік рубель стабілізаваўся на пэўным узроўні, дадае эканаміст. Але леташні эфект спрацаваў, да таго ж заключаюцца экспартныя кантракты пачынаюць дзейнічаць не адразу, а маюць часовы лаг, таму змена курсаў не адразу адбіваецца на экспарце.
Але, мабыць, свежыя звесткі знешнегандлёвай статыстыкі знервавалі беларускія ўлады, тыя загадалі нарасціць экспарт, а ўжо Дзмітрый Круты па ланцужку прыгразіў «даць па шапцы» канкрэтным прадпрыемствам.
— Калі казаць пра перспектывы — экспарт рэальна павысіць, або апетыты беларускіх уладаў упіраюцца ў аб'ектыўна змененую рэальнасць?
— Адміністрацыйныя меры зразумелыя: у Крутога ёсць патрабаванні «зверху» нарошчваць экспарт, ён перадае гэтыя патрабаванні ніжэйстаячым. Але вось ці атрымаецца павялічыць экспарт, іншае пытанне.
За кошт таго, што курс расійскага рубля цяпер даволі ўстойлівы, нейкія спосабы могуць знайсці — напрыклад, за кошт зніжэння кошту. Можна меркаваць, што нейкія прадпрыемствы змогуць знізіць экспартную маржу і за кошт больш прывабных коштаў павялічыць экспарт. Некаторыя кампаніі могуць знайсці новых партнёраў. Але, вядома, далёка не ўсе.
Паколькі расійскі рынак застаецца галоўным для большасці беларускіх вытворцаў, то недавыкананне экспартных планаў стварае яшчэ адну адчувальную праблему для беларускіх уладаў, дадае эканаміст.
Летась значна пагоршылася сальда знешнегандлёвага балансу: імпарт рос больш актыўна, чым экспарт, а значыць, больш валюты выцякала з краіны, чым паступала. А золатавалютныя рэзервы ў Беларусі не гумовыя і ў цэлым даволі сціплыя, і каб іх зберагчы, трэба дзесьці браць валюту.
І каб гэта зрабіць на расійскім рынку, мала апеляваць да «братэрскіх пачуццяў» — давядзецца гуляць паводле правілаў, якія склаліся:
— Аб'ектыўная сітуацыя расійскага рынку змянілася, змяніліся ўмовы. Тут мае ролю пытанне канкурэнцыі. І тут узнікае пытанне, наколькі беларуская прадукцыя канкурэнтаздольная, — рэзюмуе Анастасія Лузгіна.