Замест даларызацыі Беларусь чакае русіфікацыя эканомікі?

Як змянілася структура банкаўскіх укладаў беларусаў? Ці можна дэдаларызацыю запісаць у дасягненні міністэрства эканомікі? Альбо гэта толькі сімптом іншых працэсаў? Высвятляў Фелікс Мірскі для «Беларусы і рынак».

_belarusbank_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas.jpg

Дэдаларызацыю эканомікі беларускія фінансавыя ўлады называлі адной з ключавых задач ужо прынамсі апошнія дзесяць гадоў. І вось, здаецца, гэтая даўняя мара пачынае спраўджвацца. Долар, а заадно і еўра, у апошні год імкліва гублялі значэнне сродкаў зберажэнняў і ўсеагульнага эквіваленту.

Праўда, адбываецца гэта не ад добрага жыцця. Як гаворыцца: бойцеся выканання сваіх жаданняў, таму што яны могуць спраўдзіцца.

«Дынаміка пераходу на нацыянальную валюту ўзмацняецца, у тым ліку ў знешнегандлёвых разліках. На мой погляд, гэта пазітыўны фактар для банкаўскай сістэмы», — казаў кіраўнік Нацбанка Павел Калаур у інтэрв'ю газеце «Рэспубліка».

Яшчэ з другой паловы мінулага года долар страціў значэнне галоўнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы. Яго месца цяпер упэўнена займае расійскі рубль.

Доля валютных укладаў насельніцтва за мінулы год скарацілася на 6 працэнтных пунктаў. Доля рублёвых, адпаведна, вырасла. На канец года яна складала ўжо 45,6%. Зніжэнне валютнай долі да 30%, пра які даўно марыў Нацбанк, становіцца цалкам дасягальнай мэтай, прычым у агляднай будучыні.

Глядзіце таксама

Але ўсё выглядае добра, калі казаць пра адносныя лічбы. У абсалютных лічбах карціна ўжо не такая вясёлкавая. Скарачэнне валютных укладаў не кампенсуецца ростам укладаў у рублях. За мінулы год у валютным эквіваленце рублёвыя дэпазіты выраслі прыкладна на 500 млн долараў. Аднак валютныя дэпазіты пры гэтым скараціліся на 660 млн, гэта значыць, больш за 150 млн долараў у банкі не вярнуліся.

«Зберажэнні ў замежнай валюце моцна зменшыліся, зберажэнні ў беларускіх рублях злёгку павялічыліся. Але нельга сказаць, што людзі ўсю сваю валюту прадалі і пераклалі ў беларускія рублі», — сказаў сайту «Беларусы і рынак» акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі.

Прычым зніжалася і колькасць саміх укладчыкаў. За год колькасць тых, хто трымае дэпазіты ў беларускіх банках, зменшылася на 36 тыс. чалавек. Колькасць валютных укладчыкаў зніжалася хутчэй, але і рублёвых укладчыкаў па выніках года больш не стала.

А ўсё таму, што дэдаларызацыя эканомікі, пра якую так доўга казаў Нацбанк, адбываецца не ад добрага жыцця. Не праз рост даверу да беларускай валюты. І не таму, што беларусы сталі больш верыць у беларускую фінансавую стабільнасць.

Дэдаларызацыя эканомікі на самай справе не здабытак, а хутчэй сімптом панесеных страт. Дэдаларызацыя — прамы вынік страты Беларуссю заходніх рынкаў, вынік зачыненых межаў і санкцый, праз якія многія беларускія банкі проста не могуць праводзіць разлікі ў валюце.

Глядзіце таксама

І паколькі банкі не зацікаўленыя ў валюце, то яны адпужваюць патэнцыйных укладчыкаў нізкімі валютнымі стаўкамі. У лістападзе сярэдняя стаўка па ўкладах у доларах складала 0,49%, у еўра – 0,93%. Пры гэтым стаўка ў беларускіх рублях была амаль 9,5%.

«Зберагаць у доларах і еўра ў нашых банках цяпер практычна немагчыма. Не, вядома, магчыма, але банкі самі не рады, калі вы прыносіце ім ўклады ў гэтай валюце», — сказаў Львоўскі.

Так. Залежнасць беларускай эканомікі ад долара і еўра сапраўды зніжаецца. Але пры гэтым катастрафічна павялічвае залежнасць ад Расіі. На змену даларызацыі эканомікі прыходзіць яе русіфікацыя. А хто б што ні казаў, але даляр усё-ткі некалькі больш стабільная валюта, чым расійскі рубель.