Расійскіх баевікоў адпраўляюць ва Украіну пад выглядам Чырвонага Крыжа
З Урала групы расійскіх баевікоў адпраўляюцца ваяваць на тэрыторыю Украіны пад выглядам Чырвонага Крыжа і гуманітарнай дапамогі, распавеў у інтэрв'ю екацерынбургскаму сайту e1.ru арганізатар такіх аперацый.
«Першы раз яны паехалі пад выглядам Чырвонага Крыжа. Атрымлівалі ад мясцовага філіяла паперы, што мы суправаджаем. Калі даехалі, люді там засталіся. Ім далі зброю і баявыя
задачы», — кажа кіраўнік свярдлоўскага фонда ветэранаў спецназу Уладзімір Яфімаў.
Апошнім часам баевікоў адпраўляюць з «гуманітарнай дапамогай».
«Зараз гэтак жа грузім хлопцаў у машыну з гуманітарнай дапамогай і адпраўляем. Едуць у сярэднім на месяц. Некаторыя ў адпачынак, некаторыя, верагодна, каб зарабіць», —
распавёў Яфімаў, які таксама ўдзельнічае ў «казачым руху».
Заробкі баевікоў-шарагоўцаў могуць даходзіць да 1-1,5 тысяч даляраў у месяц, афіцэраў — да 5 тысяч, кажа ён.
Сайт паведамляе, што як мінімум тры жыхары рэгіёна ўжо загінулі ва Украіне падчас баёў, яшчэ адзін застаўся без нагі. 14 снежня ў Екацерынбургу ўрачыста далі ўзнагароды 8 уральскім баевікам,
якія вярнуліся з Украіны.
Першыя групы баевікоў, кажа Яфімаў, былі арганізаваныя яшчэ падчас анексіі Крыма: «Першапраходцамі былі людзі з Ханты-Мансійска — ветэраны спецназа, казакі… Усё
зрабілі на свае грошы, забралі мяне, паехалі. Калі дабраліся да Керчы, я ўсё арганізаваў — перадаў хлопцаў адказным людзям, якія далучылі іх да базы, і ў выніку яны сталі «ветлівымі
людзьмі».
З чэрвеня ваяваць супраць Украіны Яфімаў, па ягоным словам, адправіў 6 груп па 15-30 чалавек у Данецк і 2 групы па 30 чалавек у Луганск. Прычым найбольш падрыхтаваных адпраўляюць у
«ДНР», а самых слабых — у «ЛНР».
Зброю навабранцам выдаюць на месцы.
«Гэта ўсё справа прымаючага боку. Прыехаў, паставіў подпіс, атрымаў. Назад паехаў — здаў», — кажа Яфімаў.
Па ягоных словах, няма дадзеных, колькі ўсяго загінула расійскіх дабраахвотнікаў на Данбасе, бо ніхто не вядзе агульнай статыстыкі ані колькасці адпраўленых, ані колькасці забітых і
параненых.
Выкарыстанне эмблемаў Чырвонага Крыжа людзьмі, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі баявых дзеянняў, лічыцца ў міжнародным праве вайсковым злачынствам.
Аляксандр Гелагаеў, nn.by