Расійскі дзяржаўны тэлеканал аб'ектыўна распавёў пра пратэсты ў Мінску 1 лістапада і пакрытыкаваў Лукашэнку
Рэпартаж выйшаў на «Масква 24». Гэта кругласутачны інфармацыйна-пазнавальны тэлеканал з цэнтрам вяшчання ў Маскве. Ён створаны ВГТРК па ініцыятыве мэра Масквы Сяргея Сабяніна і ўваходзіць у аб'яднаны холдынг маскоўскіх СМІ «Масква медыя».
«У цэнтры Мінска напярэдадні прагрымелі стрэлы, — гаворыцца ў рэпартажы. — Міліцыянеры стралялі ў паветра, заклікаючы разысціся ўдзельнікаў чарговай мірнай акцыі апазіцыі. Акрамя таго, па сведчаннях відавочцаў, сілавікі ўжылі супраць мірных пратэстоўцаў святлашумавыя гранаты і гумавыя кулі. Карацей, увесь арсенал спецсродкаў.
Пратэст адбыўся пасля таго, як тыдзень таму Святлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнай забастоўкі. Лукашэнка ў адказ паабяцаў пакідаць без рук тых, хто кране вайскоўцаў, і заклікаў адлічваць з ВНУ студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у мітынгах. То-бок, з мірным пратэстам ён гаворыць мовай пагроз».
Варта адзначыць, што Аляксандра Лукашэнку ў расійскіх дзяржаўных медыя крытыкуюць усё часцей. У апошні час аб яго дзеяннях непахвальна адзываліся нават галоўныя рупары крамлёўскай прапаганды Ірада Зейналава і Уладзімір Салаўёў.