Ультыматум сілавікам: «Хто да 8 лістапада не звольніцца, пойдзе пад суд»
IT-бізнэсовец Яраслаў Ліхачэўскі, які заняў месца Мікіты Мікада ў дабрачынным фондзе By Sol, абвясціў сілавікам ультыматум: альбо дапамога і новае працаўладкаванне, альбо суд.
«Дабрачынны фонд BySol пачаў сваю працу роўна два з паловай месяцы таму, — цытуе Ліхачэўскага Kyky.org. — Адной з галоўных мэтаў фонду было аказанне дапамогі сілавікам Беларусі, якія перайшлі на бок народа. Разам з ініцыятывай Мікіты Мікада ProtectBelarus мы апрацавалі сотні заявак прадстаўнікоў сілавых структур. На цяперашні момант фінансавая і іншыя віды дапамогі аказаны больш чым 300 былым супрацоўнікам.
Сярод сілавікоў, якія перайшлі на бок народа, ёсць супрацоўнікі МУС, КДБ, Следчага камітэта, пракуратуры, МНС, вайскоўцы, прадстаўнікі іншых ведамстваў. Яны не пажадалі парушаць прысягу на вернасць свайму народу і, нягледзячы на рэпрэсіі і пагрозы, адмовіліся выконваць незаконныя і злачынныя загады, прымаць удзел у гвалце ў адносінах да сваіх суграмадзян, перайшлі на іх бок. Такія людзі ў свабоднай і квітнеючай Беларусі будучыні стануць асновай сілавых структур. Гэта сапраўдныя героі, і імі ганарыцца ўся краіна.
Тым не менш часу для прыняцця рашэння было больш чым дастаткова. Тыя, хто застаецца ў шэрагах праваахоўных ведамстваў сёння, працягваюць прымаюць удзел фактычна ў генацыдзе ўласнага народа. Некаторыя вырашылі адседзецца ўбаку, думаючы, што пры новай уладзе ўсіх не звольніш. Альбо задаючы сабе пытанне: «А куды я пайду, каму я патрэбны на «грамадзянцы», у мяне крэдыт, жонка ў дэкрэце, маленькія дзеці, кантракт?». Але ўсё гэта хутка стане няважным. Перамены адбудуцца ўсё роўна, і як раней ужо не будзе ніколі. Настроі народа не памяняюцца, тое, што здарылася, не забудуць і не даруюць. А Лукашэнка — адыграная карта як для Усходу, так і для Захаду. Ніхто не дапаможа яму ўтрымацца ва ўладзе.
Па начах вас працягвае мучыць сумленне. Ужо даўно пара вызначыцца, на чыім вы баку. Учора вы пагадзіліся страляць па мірных пратэстоўцаў гумовымі кулямі, цкаваць іх газам, закідваць святлошумавымі гранатамі, збіваць, катаваць і гвалтаваць. Заўтра вас прымусяць прымяніць агнястрэльную зброю і потым шляху назад ужо не будзе. Вас усіх хочуць запэцкаць крывёю, каб канчаткова звязаць з нелегітымнай уладай. Злачынствы супраць чалавецтва тэрмінаў даўнасці не маюць. Вам прыйдзецца адказаць за здзейсненае, дзе б вы не знаходзіліся. Грамадзянін Лукашэнка збяжыць ці сядзе. Якая будучыня чакае вас і вашу сям'ю? Вы застанецеся крайнімі у гэтай сітуацыі.
Тым не менш мы не перастаем верыць, што ў сілавых структурах застаецца шмат прыстойных і сумленных людзей. У тых, хто не запляміў свой мундзір злачынствамі, застаўся апошні шанец. Новай Беларусі патрэбныя прафесіяналы і мы запрашаем вас скласці эліту будучых сілавікоў.
У сувязі з тым, што гвалт з боку асобных груп супрацоўнікаў сілавых ведамстваў працягваецца, мы аб'яўляем крайні тэрмін па падачы на фінансавую дапамогу — 08.11.2020.
Нагадваем, што для атрымання дапамогі неабходна зайсці па спасылцы, дзе:
1. Даслаць на бот фота рапарта аб звальненні;
2. Відэа, дзе вы называеце прозвішча, імя, пасаду, месца службы і тое, што на дадзены момант прынялі рашэнне звольніцца з сілавых структур.
Канфідэнцыяльнасць прадстаўленай інфармацыі гарантуецца, яна не будзе выкарыстоўвацца без вашай згоды.
Фонд працягне працу па іншых напрамках дзейнасці. Вынік працы за 2,5 месяца: сілавікамі, якія перайшлі на бок народа, ствараецца новая ініцыятыва By_Pol — Фонд салідарнасці сілавікоў. Задачы ініцыятывы —распрацоўка палажэнняў па рэфармаванні праваахоўных органаў, у тым ліку, стварэнне прафсаюза сілавых ведамстваў. Збор доказаў па злачынствам у дачыненні да мірна пратэстуючых беларускіх грамадзян: па фактах забойстваў, катаванняў, незаконнага затрымання, пашкоджанні і канфіскацыі маёмасці, і ўстанаўленні асоб, якія іх учынілі. А таксама аказанне дапамогі былым сілавікам, гатовым далучыцца да названай ініцыятывы.
Пачынаючы з 9 лістапада, сілавікам, гатовым на справе даказаць сваю вернасць беларускаму народу, трэба звяртацца да сваіх калег у By_Pol. На абароненую пошту — ByPol@protonmail.com і ў тэлеграм @OSB_By_Pol».
Жыве Беларусь!»