Расія. Дэпутаты Татарстана хочуць скараціць зімовыя канікулы
Дэпутаты Татарстана выступілі з ініцыятывай, здольнай пазбавіць расейцаў доўгатэрміновых зімовых канікул.

Чыноўнікі Татарстана адправілі ў Дзярждуму РФ тлумачальную запіску, у якой спасылаліся на прастой у эканоміцы і вытворчасці з-за такой працяглай адсутнасці расейцаў на працоўных месцах.
Аднак Дзярждума не падтрымала татарскіх калегаў. Па словах дырэктара Інстытута сацыяльнай палітыкі і сацыяльна-эканамічных праграм Сяргея Смірнова, доўгія святы эканоміцы не пагражаюць. Па-першае, таму што не ўсе расейцы адпачываюць на вакацыях, шмат каму прыходзіцца працаваць. Гэта тычыцца такіх сфер, як бытавое абслугоўванне, транспарт, гандаль, аўтазаправачныя станцыі, кафэ і рэстараны, агенцтва па нерухомасці («Свята лішнім не бывае»).
Па дадзеных «Маскоўскага камсамольца», сябар Камітэта па працы і сацыяльнай палітыцы Дзярждумы Мікалай Каламейцаў таксама не згодны з ініцыятывай чыноўнікаў ад Татарстана. «Шчыра кажучы, я не ў захапленні ад гэтай ініцыятывы. Людзі прывыклі да гэтых кампенсацый у выглядзе дадатковых выходных дзён. Іх адмена, хутчэй за ўсё, будзе ўспрынятая негатыўна. Я як грамадзянін і як дэпутат супраць гэтай ініцыятывы і пакінуў бы ўсё як ёсць».