Парашэнка патрабуе ад Расіі закрыць мяжу на ўсходзе з Украінай

Закрыццё мяжы з Расіяй прывядзе да ўстанаўлення міру ва Украіне, заявіў прэзідэнт.



russian_tanks_on_the_border.jpg

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка запатрабаваў ад Расіі закрыць расійска-ўкраінскую мяжу, пра гэта ён заявіў на сумеснай з прэм'ер-міністрам Аўстраліі Тоні Эбатам прэс-канферэнцыі ў рамках дзяржаўнага візіту ў Аўстралію.
«Калі ласка, выведзіце войскі з маёй тэрыторыі», — сказаў ён, звяртаючыся да Расіі.
Таксама ён адзначыў, што, калі будзе закрыта мяжа, «то на працягу аднаго, двух, трох тыдняў ва Украіне запануюць мір і стабільнасць».
«Хачу растлумачыць, што Украіна вядзе вайну не толькі за сваю незалежнасць, не толькі за тэрытарыяльную цэласнасць. Мы вядзем вайну за свабоду, дэмакратыю і мір», — сказаў Парашэнка.
Паводле яго слоў, «увесь цывілізаваны свет, Еўрасаюз, Аўстралія, Канада, ЗША, Японія — увесь свет выступае сумесна з Украінай».
Прэзідэнт Украіны прыбыў у Аўстралію 10 снежня. У ходзе візіту Пётр Парашэнка наведае Мэльбурн, Сіднэй і Канбэру. Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, Парашэнка правядзе сустрэчы з генерал-губернатарам Аўстраліі Пітэрам Косгроўвам і з членамі аўстралійскай рабочай групы, якія расследуюць прычыны катастрофы Боінга 777.
У праграме візіту ў Пятра Парашэнкі намечаны сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў Аўстраліі, у ходзе якіх плануецца абмеркаванне перспектыў інвеставання ва ўкраінскую эканоміку. Бакі закрануць і супрацоўніцтва ў сферы ядзернай энергетыкі, у прыватнасці абмяркуюць магчымасць паставак урану з Аўстраліі.

zn.ua