Новы рэкорд квантавай тэлепартацыі — 25 км
Навукоўцы ўніверсітэта Жэневы, NASA і Нацыянальнага інстытута стандартаў і тэхналогій тэлепартавалі квантавы стан фатонаў праз оптавалаконны кабель на адлегласць 25 кіламетраў і запісалі інфармацыю ў квантавую памяць.
![quantum_teleportation.jpg quantum_teleportation.jpg](/img/v1/news/full/quantum_teleportation.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Выява Майнцскага ўніверсітэта
Вынік іх работы прадстаўлены ў артыкуле ў Nature Photonics.
Эксперымент заснаваны на так званых заблытаных фатонах — часцінках, якія маюць узаемазалежныя квантавыя станы. Іншымі словамі, калі змяняецца характарыстыка адной часцінкі, змяняецца
характарыстыка і другой, ды не важна, якая між імі адлегласць.
Навукоўцы выкарыстоўвалі звышхуткі лазер, які выпраменьваў фатоны з пэўнымі характарыстыкамі. Калі сярод фатонаў трапляліся заблытаныя, адзін з іх адсылаўся ў оптавалаконны кабель, другі трапляў
у «пастку» аптычнага крышталя і «заставаўся на месцы». Насустрач першаму фатону адсылаўся трэці, пры сутыкненні яны знішчаліся. Але інфармацыя, якую нес трэці
фатон, з’яўлялася і захоўваецца ў другім, ізаляваным у крышталі ад першага і трэцяга.
Перададзеная такім чынам інфармацыя была захаваная і апрацаваная.
Першы паспяховы эксперымент па квантавай тэлепартацыі фатона адбыўся ў 1997 годзе, а першая квантавая тэлепартацыя атама прайшла ў 2004 годзе. У 2006 годзе яна ўпершыню адбылася між
аб’ектамі рознага кшталту — выпраменьваннем лазера і атамам цэзія.
У 2009 годзе рэкордам адлегласці тэлепартацыі без захавання інфармацыі на носьбіце быў усяго адзін метр, але ў 2010-м — ужо 16 км, у 2012-м — 143 км. З захаваннем інфармацыі і
перадачай па оптавалакне тэлепартацыя цяжэйшая, а адлегласці меншыя.
Квантавая тэлепартацыя не дазваляе перамяшчаць вялікія прадметы ці перадаваць інфармацыю з хуткасцю, вышэйшай за хуткасць святла. Але ўжо дазваляе перадаць характарыстыкі асобных часцінак і
нават атамаў, якія, не гледзячы на дыстанцыю, павінны разглядацца як адзінае цэлае. Гэта супярэчыць логіцы законаў класічнай фізікі, але для квантавай фізікі гэта нармальная з’ява.