На ўсход ад «Лініі Парашэнкі»

Я даўно хацеў з'ездзіць у зону АТА ва Украіне, каб выказаць словы падтрымкі ўкраінскім байцам. Таму, калі мне прапанавалі выправіцца ў Сектар «М», каб выступіць перад вайскоўцамі пагадзіўся без ваганняў.



Марыупаль сустрэў нас пагодным ранкам. І калі б не ўзброеныя аўтаматамі вайсковыя патрулі ды вялікая колькасць хлопцаў у камуфляжы, якія прыбылі ў адным цягніку з намі ў горад, цяжка было б уявіць, што ўсяго за пару дзясяткаў кіламетраў адсюль праходзіць г. зв. «лінія размежавання».

 

Па кароткім, але цёплым вітанні з камандзірам разведвальнай роты Дабравольчага батальёну УНСО Ігарам «Таполям», імчымся ў ягоным франтавым джыпе скрозь блокпосты ва ўсходнім накірунку. Ад трасы цягнуцца траншэі з грувасткімі ДОТамі.

 

— Другая лінія абароны Марыупаля — «Лінія Парашэнкі» — іранічна тлумачыць "Таполя" пейзаж.

 

Размясціўшыся на месцы дыслакацыі ўнсоўцаў-разведчыкаў, знаёмімся, размаўляем пра цяперашняе становішча ў Сектары «М» з байцамі — з былым кіраўніком самаабароны Марыупаля «Вікінгам», з грузінам Кахам, які прыехаў змагацца з маскоўскімі агрэсарамі з Тбілісі, з «Зампалітам», «Джэксанам», «Лакостам», з дзяўчатамі-фельчаркамі…

 

Мясцовы ўраджэнец "Вікінг", разбураны дом якога застаўся на акупаванай тэрыторыі (сям’я, на шчасце, паспела выехаць), распавядае змрочныя гісторыі пра тое, што прарасійскія тэрарысты, акупаваўшы на кароткі час гэты рэгіён летась, расстралялі разам з сем’ямі колькі ўкраінскіх патрыётаў.

 

Але, працягвае ён, галоўнае жаданне бальшыні тутэйшага насельніцтва — «абы не было вайны», не зважаючы на тое, чые сілы перамогуць. Хоць самі байцы гатовыя абараняць сваю зямлю да апошняга, а ў настроях многіх мясцовых жыхароў за апошнія месяцы сузіральная абыякавасць змянілася патрыятызмам. Пра гэтае ж пазней казалі ў размовах марыупальскія валанцёры.

 

pict2366_logo.jpg

 

Увечары адбыўся мой першы канцэрт на фронце. Выступаючы, я не мог не заўважыць, з якой падвышанай увагай байцы слухалі лірычныя песні і вершы, што, зрэшты, зразумела, бо многія з унсоўцаў ужо месяцы не былі дома, не бачылі сваіх бацькоў, дзяцей, жонак, каханых. Найбольш востра тое адчувалася назаўтра, калі выступаў на пазіцыях пагранічнікаў — ураджэнцаў Данеччыны, якія з баямі прарываліся да сваіх з ужо занятай тэрарыстамі тэрыторыі, пакідаючы на ёй родных…

 

Давай з табой сам-насам пагаворым

Скрозь недасяжных зораў далячынь,

Як ім самотна ў беспаветранай прасторы,

Дзе нават дыхаць няма чым…

 

Першы канцэрт скончыўся пад грукат і далёкія водбліскі «дыскатэкі» — артабстрэлу, што пачынаюць сепаратысты штовечар з надыходам цемры, калі групы назіральнікаў АБСЕ з’язджаюць з пазіцыяў у тыл.

 

dsc00028_logo.jpg

 

Ужо зранку дазнаемся пра вялікія страты, якія панеслі праз начны абстрэл Сектара «М» украінскія вайскоўцы. Пры гэтым афіцэры разведроты, не прыхоўваючы праўды, кажуць, што насамрэч колькасць «двухсотых» і «трохсотых» перавышае афіцыйна агучаныя лічбы ў тры-чатыры разы. У сувязі з абвастрэннем сітуацыі акурат у тым раёне, куды мы меліся ў гэты дзень рушыць, камандзір разведчыкаў вырашае адправіць нас на больш бяспечны ўчастак — на пазіцыі згаданых ужо пагранічнікаў і нацгвардзейцаў. Тым не менш, на сустрэчнай паласе раз-пораз заўважаем мікрааўтобусы «хуткай дапамогі» і санітарныя машыны.

 

Да вечара ў раз’ездах — сустракаемся з байцамі, размаўляем з імі, выступаем. Перасоўваемся на джыпе з вялікай хуткасцю, бо нягледзячы на тое, што тэрыторыя кантралюецца ўкраінскімі сіламі, заўсёды ёсць пагроза патрапіць пад агонь дыверсійных групаў.

 

Перад вяртаннем на базу УНСО заязджаем у Марыупаль, дзе для нас праводзяць невялікую экскурсію. Знешне горад жыве мірнымі клопатамі — не пустуюць летнія кавярні на вуліцах, каляровыя білборды заклікаюць насельнікаў падтрымаць мясцовы футбольны клуб «Ільічовец» на бліжэйшым матчы, з меншай інтэнсіўнасцю, але дымяць, коміны заводаў. Хіба што счарнелыя ад пажараў шкілеты колішніх будынкаў гарадской адміністрацыі і ГУУС нагадваюць пра трагічныя падзеі мая-чэрвеня 2014 года. Напрыканцы нас правозяць па ўзбярэжжы Азоўскага мора, паказваючы свежаўзведзеную лінію берагавой абароны. А бліжэй да ночы — чарговая «дыскатэка».

 

bili_budina_mariupal_skaga_guus_logo.jpg

Былы будынак Марыупальскага ГУУС

 

Неба зноўку ў язвах падпалінаў —

Грог крывавы варыць Усход

І глядзіць на Еўропу пажадліва

Смерцю з руляў чырвоных орд.

 

Трэці, апошні, дзень у Сектары «М». Выпраўляемся ў мястэчка Чэрмалык на 11-ы блокпост унсоўцаў — адзін з пунктаў, што знаходзіцца найбліжэй да «лініі размежавання». Зноў амаль пралятаем дзясятак кіламетраў па разбітых франтавых дарогах і ў хуткім часе дабіраемся да прызначанага месца. Камандзір блокпоста, жартаўнік і «цынік» (паводле ягонага самавызначэння), аказвае нам гасцінны прыём і, пакуль не падцягнуліся байцы з суседніх пазіцыяў, праводзіць нас абпаленымі садамі, паказваючы разбураныя абстрэламі і пакінутыя гаспадарамі дамы.

 

Раблю свой завяршальны выступ на Марыупальшчыне. Зноў чую словы падзякі за тое, што мы прыехалі з Беларусі сюды выказаць салідарнасць з украінцамі, і як для іх гэта важна, калі ў трох сотнях метраў ад блокпоста пачынаюць ірвацца снарады.

 

— 152-м калібрам б’юць, — зусім без эмоцыяў адзначае камандзір 11-га. І дадае: — Колькі дзён таму назад «сепары» таксама ў абед пачалі…

 

Але на даляглядзе назіральнік заўважае беспілотнік АБСЕ, пасля чаго абстрэл адразу скончыўся.

 

Праводзілі нас байцы блокпоста ўжо амаль як родных. На развітанне пан камандзір наліў беларускім гасцям (у саміх унсоўцаў строгі «сухі закон») па «сто франтавых» і, усміхаючыся, прамовіў:

 

— Ну, давайце, хлопцы, каб не сказалі потым, што вас тут блага прымалі!..

 

bili_budinak_mariupal_skaj_garadm_n_straci__logo.jpg

Былы будынак Марыупальскай гарадміністрацыі

 

Пакідаў Марыупаль нават з сумам. А ці можа было іначай, развітаўшыся з адкрытымі, шчырымі людзьмі, якія працягваюць жартаваць, нават ведаючы, сённяшні дзень для любога з іх, магчыма, апошні ў жыцці? І той самы час яны працягваюць свой самаахвярны чын дзеля вольнай будучыні сваіх дзяцей, сваёй Радзімы.

 

Абралі самі гэты шлях

І пойдзем да канца сумленна,

Каб моладзь новых пакаленняў

Узняла наш праменны сцяг!

 

(вершы аўтара)