Маскоўскага прафесара звольнілі за антываенны артыкул

Гісторык, рэлігіязнаўца і палітолаг, прафесар кафедры філасофіі Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў Андрэй Зубаў звольнены з інстытута. Прычынай, па ўсёй бачнасці, стаў антываенны выступ вучонага, у прыватнасці, яго нядаўні артыкул, надрукаваны, у тым ліку, на нашым сайце.



zubau.jpg

«Праз загадчыка кафедры філасофіі майму бацьку, Андрэю Зубаву, перададзена, што рэктар МДІМА звальняе яго з інстытута», — напісала ў фэйсбуку яго дачка Ірына Бобрынская.
У суботу, 1 сакавіка, у «Ведомостях» з'явіўся артыкул Андрэя Зубава «Гэта ўжо было». Ён пачынаецца словамі: «Сябры. Мы на парозе. Мы на парозе не ўключэння новага суб'екта ў склад РФ. Мы на парозе поўнага разбурэння сістэмы міжнародных дагавораў, эканамічнага хаосу і палітычнай дыктатуры. Мы на парозе вайны з нашым бліжэйшым, роднасным народам Украіны, рэзкага пагаршэння адносін з Еўропай і Амерыкай, на парозе халоднай, а, магчыма, і гарачай вайны з імі».
Гісторык аналізуе сітуацыю ў Крыме і паказвае на агульныя рысы цяперашняга крызісу ў адносінах паміж Расіяй і Украінай і далучэння Аўстрыі да Трэцяга Рэйху ў 1938 годзе.
«Сябры! Нам трэба апамятацца і спыніцца. Нашы палітыкі ўцягваюць наш народ у страшную, у жахлівую авантуру. Гістарычны вопыт кажа, што нічога не абыдзецца так проста. Мы не павінны весціся, як павяліся ў свой час немцы на абяцанкі Гебельса і Гітлера. Дзеля міру ў нашай краіне, дзеля яе сапраўднага адраджэння, дзеля міру і сапраўднай дружалюбнасці на прасторах Расіі гістарычнай, падзеленай цяпер на многія дзяржавы, скажам "не" гэтай вар'яцкай і ,галоўнае, зусім непатрэбнай агрэсіі», — напісаў Андрэй Зубаў.
Андрэй Барысавіч Зубаў (н. 1952) — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры рэлігіязнаўства, філасофіі і дактрынальных дысцыплін Філасофска-багаслоўскага факультэта Расійскага праваслаўнага інстытута св. Іаана Багаслова, прафесар кафедры філасофіі МДІМА, генеральны дырэктар Цэнтра «Царква і Міжнародныя адносіны» МДІМА, член Сінадальнай біблейска-багаслоўскай камісіі і Міжсаборнай прысутнасці Рускай Праваслаўнай Царквы, адзін з аўтараў Асноў сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы.
colta.ru