Крыніцы: Расійцы рыхтуюць паказальны «суд» над палоннымі ў Марыупалі. У філармоніі ўсталёўваюць клеткі

Расійцы збіраюць турэмныя клеткі на сцэне філармоніі ў Марыупалі, каб зладзіць паказальны судовы працэс над ваеннапалоннымі. Пра гэта паведамілі ў Марыупальскім гарсавеце.

1659782197_7752.webp

«Цяпер на сцэне марыупальскай камернай філармоніі расійскія акупанты збіраюць турэмныя клеткі. Дыяметр арматуры — 20 мм. Захопнікі плануюць у верасні зладзіць паказальны «суд» над абаронцамі Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.

Гарадскі галава Вадзім Бойчанка, каментуючы гэта, адзначыў, што расійскія акупанты працягваюць грэбаваць усімі міжнароднымі нормамі.

«Яны працягваюць памнажаць ваенныя злачынствы, дэманструючы грэбаванне да ўсяго цывілізаванага свету», — адзначыў ён.

Мэр Марыупаля заклікаў сусветную супольнасць, ААН і Чырвоны Крыж умяшацца ў сітуацыю і дамагчыся захавання правілаў абыходжання з ваеннапалоннымі.

Нагадаем, у ноч на 29 ліпеня на тэрыторыі былой папраўчай калоніі ў пасёлку Яленаўка Данецкай вобласці прагрымеў выбух. Быў знішчаны будынак, у якім утрымліваліся ўкраінскія ваеннапалонныя, выведзеныя з завода «Азоўсталь».

Расія абвінаваціла ў трагедыі УСУ. Па даных расійскага боку, загінула больш за 50 украінскіх абаронцаў, колькасць параненых невядомая.

Украінскі бок заявіў, што выбух у Яленаўцы быў расійскім тэрарыстычным актам з мэтай утойвання вайсковых злачынстваў, дыскрэдытацыі Узброеных Сіл Украіны, зрыву паставак зброі. Кіеў патрабуе ад ААН і Чырвонага Крыжа неадкладна адрэагаваць на тэракт і накіраваць на тэрыторыю калоніі інспекцыйную місію.

Па даных украінскай выведкі, тэракт здзейснілі найміты са складу ПВК «Вагнера» па асабістым указанні фактычнага кіраўніка названай ПВК пуцінскага «кухара» Яўгена Прыгожына.

Паводле unian.net.