Украінскі вайсковы эксперт — пра расійскі ўдар па Яленаўцы: «Мэтанакіраванае забойства закладнікаў»
Палкоўнік запасу, былы лётчык УСУ Раман Світан расказвае пра сваё бачанне тэракта ў Яленаўцы і пра абстаноўку на фронце.
— Я думаю, гэта ў чыстым выглядзе мэтанакіраванае забойства закладнікаў. Ёсць таксама версія, што там ужо былі мёртвыя і закатаваныя людзі са слядамі катаванняў. Выбух унутры — магутны зарад, больш падобны да запальнага, чым на фугаснага, — кажа былы лётчык УСУ, палкоўнік запасу і вайсковы эксперт Раман Світан у эфіры «LatyninaTV».
— У мяне ёсць два варыянты: альбо гэта прыдумалі зрабіць людзі, якія займаліся закладнікамі, — расійскія ці «днраўскія» каты, якія былі наглядчыкамі і разумелі, што іх зверствы вылезуць. Альбо гэта была задача вышэйшага кіраўніцтва Расіі: забойства закладнікаў для выканання нейкіх задач. Напрыклад, звязаных з ААН, альбо, зыходзячы з тых рэчаў, якія адбываюцца на перамоўнай пляцоўцы, выстаўляюцца нейкія ўмовы — і гэта адзін з метадаў шантажу.
Вайсковы эксперт таксама адзначыў, што за некалькі тыдняў да таго, што здарылася, у барак адабралі пэўную колькасць украінскіх абаронцаў па нейкіх крытэрах.
— Якія менавіта гэта былі крытэры, мы зможам даведацца, калі будзе дакладнае разуменне прозвішчаў загінулых, інфармацыя таксама ўсплыве ад параненых. Параненыя — адна з праблем, якая можа ўзнікнуць. Справа ў тым, што практычна ўсе гэтыя людзі адбіраліся на знішчэнне. І калі аперацыя па знішчэнні не была цалкам праведзеная, то ў бліжэйшы час тыя, хто выжыў, могуць загінуць у іншым месцы, бо яны з'яўляюцца носьбітамі інфармацыі.
Расказаў Раман Світан і пра становішча на фронце. Паводле яго слоў, на працягу тыдня расійскія войскі перакідвалі свае сілы з усяго данецкага фронту ў раён Новай Кахоўкі.
— Яны вырашылі перапраўляцца на правы бераг: праз Кахоўскую дамбу за пару дзён прайшло некалькі соцень машын асабовага саставу і тэхнікі. Я думаю, цяпер правабярэжная групоўка расійскіх войскаў узмоцненая да 20-22 тысяч чалавек. Перакінуць гэтыя войскі на правы бераг у кацёл — незразумелае дзеянне.
Яно можа мець толькі дзве задачы: спыніць наша наступленне, якое мы ўжо вядзём, альбо правесці наступальную аперацыю — накіравацца ў бок Вазнесенкі, а далей перарэзаць трасу на поўнач ад Адэсы. У іх ёсць шанец пачаць гэтую задачу, але не выканаць. Логікі, вядома, няма. Магчыма, яны хочуць адцягнуць наша наступленне, а за гэты час дамовіцца на нешта.
Сапраўды, любы кідок гэтых груп (нават калі 10-15 тысяч чалавек выйдзе на выкананне гэтай аперацыі) адцягне наша наступленне на Херсон дзесьці на месяц. У прынцыпе, расійскае камандаванне лёгка можа вось так спаліць сваіх людзей, каб выйграць гэты месяц для нейкіх мэт.
На думку вайсковага эксперта, у бліжэйшы час будзе зразумелая развязка: адбудзецца нейкі ўдар альбо прыняцце рашэння расійскім кіраўніцтвам на закопванне ці адыход войскаў. Раман Світан таксама адзначыў, што вялікая групоўка войскаў назіраецца і ў раёне Ізюма, аднак яна да гэтага часу не прыняла форму для выканання якіх-небудзь задач, акрамя руху на Славянск, які ў дадзены момант беспаспяховы.
Світан таксама згадаў пра наступленне на Данбасе, якое засяроджана ў раёне Славянска і Краматорска. Асноўная мэта гэтага наступлення — ўзяцце сістэмы водазабеспячэння.
— Заняць сістэму водазабеспячэння ў іх няма чым, хоць яны вельмі хочуць выканаць гэтую задачу. Яна будзе магчымай, толькі калі яны выканаюць нейкую задачу на правым беразе, перакінуць назад войскі, падцягнуць батальёны. На дадзены момант гэты водазабор яны дакладна не возьмуць, тым больш што ён няспраўны, а адрамантаваць яго складана. Нават калі гэта адбудзецца, ён усё роўна будзе ў раёне паражэння нашай артылерыі, таму, у прынцыпе, гэта невыканальная задача.
Я думаю, гэта апошні «пук пежо». Усё, што яны могуць зараз зрабіць, — гэта закапацца-спыніцца. А далей рознымі метадамі: вайсковага тэрору, забойства закладнікаў — прымусіць ўкраінскае кіраўніцтва на падпісанне нейкага «Мінска-3» і тую тэрыторыю, якую яны паспрабуюць захапіць, пакінуць на нейкі час за сабой. Далей яны будуць назапашваць сілы і праз паўгода-год рухацца далей.
Паводле «Салідарнасці».