Краіны Балтыі: ад рубля да еўра

У 2004 годзе яны сталі сябрамі ЕС. Латвія і Літва рыхтуюцца да пераходу на еўра. Эстонія вось ужо 2 гады карыстаецца адзінай валютай. На днях латышскія дэпутаты зацвердзілі падрыхтаваны ўрадам план пераходу на еўра. Гэта дазваляе латышскаму ўраду звярнуцца да Еўрапейскай Камісіі і Еўрапейскага цэнтральнага банку са зваротам прыняць Латвію ў еўразону.



evro.jpg

Еўрапейскія ўстановы прымуць рашэнне ў палове бягучага года. Калі вердыкт будзе пазітыўны, Латвія пяройдзе на еўра з 1 студзеня 2014-га года. З іншага боку, сацапытанні паказваюць, што большасць латышоў супраць пераходу на адзіную еўрапейскую валюту.

Жыхары гэтай краіны баяцца, што прыняцце еўра яшчэ больш пагоршыць эканамічную сітуацыю Латвіі, якая ў 2008–2009 гадах перажыла глыбокі крызіс. Урад краіны на чале з прэм’ерам Валдысам Дамброўскісам пераконваюць, што еўра дазволіць Латвіі павысіць фінансавую стабільнасць, заахвоціць інвестараў і зменшыць небяспеку абвалу латышскай валюты ў выніку спекуляцый.

Ці еўра нясе больш карысці ці небяспекі — можна прааналізаваць на выпадку Эстоніі. Гэтая балтыйская краіна вось ужо два гады карыстаецца адзінай еўрапейскай валютай. Вынікі гэтага рашэння пракаментаваў “Польскаму радыё” намеснік кіраўніка эстонскай Дыпламатычнай акадэміі Вахур Мадэ. Як эстонцы ўспрынялі прыняцце еўра?

— Пераход з нацыянальнай эстонскай валюты на еўра прайшло спакойна, дзякуючы добрай арганізацыі. Нейкіх асаблівых клопатаў мы не заўважылі. Цягам першых двух тыдняў студзеня 2011-га мы карысталіся дзвюма валютамі. Гэта быў час, каб людзі прызвычаіліся да новай валюты. За гэты час не было ніякіх праблемаў ані з абаротам грошай, ані з фінансавымі аперацыямі, — распавядае Вахур Мадэ.

— Не было пратэстаў, сумневаў, крытыкі? У іншых краінах ЕС, якія перайшлі на еўра, людзі былі незадаволеныя тым, што разам з еўра выраслі цэны, а іх пакупніцкая здольнасць зменшылася.

— Адзін з галоўных момантаў, на якія звярталі ўвагу СМІ, а людзі адчувалі на ўласнай скуры, — была інфляцыя. Паводле дадзеных Еўрастату, летась у Эстоніі інфляцыя была адной з вышэйшых у еўразоне — 4,5%. Цяпер узровень інфляцыі зменшыўся да 3,1%. Аднак гэта і так больш, чым сярэдні паказнік інфляцыі ў еўразоне, які складае каля 2%.

— Грамадства была згоднае у пытанні пераходу на еўра?

— Адназначнага стаўлення не было. Гучалі вельмі эмацыйныя галасы, своеасаблівая настальгія за старым добрым часам эстонскай кароны, калі ўсё было танней. Што тычыцца інфляцыі, то яна вырасла не столькі з-за пераходу на еўра, гэта былі рэгіянальныя працэсы. У Польшчы ды Чэхіі інфляцыя таксама была каля 4%. Урэшце, нават нашая апазіцыя пагадзілася з пераходам на еўра. Палітыкаў супакойваў той факт, што разам з еўра Эстонія мацней звязалася з Еўрапейскім механізмам фінансавай бяспекі і атрымала дадатковыя гарантыі стабільнасці. Таму няма чаго баяцца пераходу на еўра. Гэта дадатковая гарантыя нацыянальнай бяспекі ды фінансавай стабільнасці. У нас больш увагі засяроджвалі на абмеркаванні шляхоў выхаду з крызісу ды ратавання еўра. Апроч таго, ішла дыскусія канстытуцыйнага характару, ці Эстонія павінна браць на сябе большыя абавязацельствы ў рамках ЕС. Эстонскае грамадства скарыстала на гэтым, бо шырока абмяркоўваліся пытанні еўрапейскай інтэграцыі, фінансавай будучыні Еўразвязу.

— Ці эстонцы пераканаліся ў патрэбе еўра і пагадзіліся на поўнае далучэнне краіны да Еўрапейскага механізму фінансавай стабілізацыі?

— Гэта добра, што Эстонія цяпер мае поўнае права голасу ў працэсе прыняцця рашэнняў адносна еўразоны. Эстонія — паўнапраўны сябра Еўрапейскага цэнтральнага банку і валютнай супольнасці. У звязку з гэтым, наш паспяховы пераход на еўра меў важнае значэння для ўнутранай палітыкі.

— Эстонія першая сярод балтыйскіх краін перайшла на еўра. Цяпер да гэтага кроку рыхтуюцца латышы. Што вы можаце на ўласным досведзе параіць ім, якія карысці здабыла Эстонія, пераходзячы на еўра?

— У першую чаргу, гэта той факт, што Эстонія прыцягвае ўсё больш і больш замежных інвестыцый. Нават нашы літоўскія ды латышскія партнёры скардзяцца, што гэта адбываецца іхным коштам, бо інвестыцыі абмінаюць іх, кіруючыся ў Эстонію. На іхнюю думку, гэта адбываецца з-за далучэння нас да еўразоны. Я перакананы, што нашая эканоміка моцна звязаная з Фінляндыяй, дзякуючы адзінай валюце. Фіны — найбунейшы інвестар у нашай краіне, адзіная валюта яшчэ больш паскорыла гэта працэс. Калі зірнуць на тры балтыйскія краіны, дзе толькі Эстонія мае еўра, то інвестары часта кіруюцца менавіта гэтым фактарам.

Два гады пасля прыняцця еўра Эстонія задаволеная гэтым рашэннем. Краіна стала больш прыцягальнай для інвестараў. У наступным годзе перайсці на еўра збіраецца яшчэ адна балтыйская краіны — Латвія.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч, radyjo.net