КНДР заявіла пра выпрабаванне вадароднай бомбы
КНДР афіцыйна заявіла аб паспяховым выпрабаванні вадароднай бомбы.
«Сёння паспяхова праведзена першае выпрабаванне вадароднай зброі», — заявіў дыктар цэнтральнага тэлебачання КНДР. Па яе словах, валоданне «вадароднай зброяй стала гістарычнай падзеяй» для Паўночнай Карэі. Заяву рэтранслявалі тэлеканалы паўднёвакарэйскага тэлебачання.
КНДР таксама паабяцала не ўжываць ядзерную зброю, калі не будзе парушаны яе суверэнітэт. «Калі не будзе парушэння суверэнітэту, мы не ўжываем ядзерную зброю», — гаворыцца ў заяве.
За апошнія гады КНДР ажыццявіла тры ядзерныя выпрабаванні: у 2006, 2009 і 2013 гадах. У адказ Рада Бяспекі ААН увяла ў дачыненні да Пхеньяна розныя санкцыі.
За апошнія два гады рэспубліка не праводзіла ядзерных выпрабаванняў, абмежаваўшыся запускам балістычных ракет у адказ на буйнамаштабныя ваенныя манеўры Паўднёвай Карэі і ЗША. Аб наяўнасці ў КНДР уласнай вадароднай бомбы згадаў 10 снежня лідар краіны Кім Чэн Ын.
«Мы змаглі стаць вялікай ядзернай дзяржавай, здольнай абараніць незалежнасць і нацыянальную годнасць нашай радзімы моцай удараў ядзерных і вадародных бомбаў», — заявіў ён падчас наведвання абноўленага збройнага завода ў Пхеньяне. Лідар КНДР таксама падкрэсліў, што «краіне неабходна працягнуць актыўнае развіццё вайсковай прамысловасці».
Рада Бяспекі ААН збярэцца сёння на нараду.
На паўночным усходзе Паўночнай Карэі адбыўся землятрус магнітудай 5,1, таксама паведамляюць СМІ. Паводле інфармацыі Геалагічнай службы ЗША, эпіцэнтр землятрусу знаходзіўся ў раёне палігона, дзе паўночнакарэйскія ваенныя праводзілі ядзерныя выпрабаванні. Па дадзеных амерыканскіх сейсмолагаў, ачаг землятрусу залягаў на глыбіні 10 кіламетраў.
Паводле: Наша Ніва