Казахстан рыхтуецца да датэрміновай элегантнай перамогі?

Кіраўнік Казахстана апошнім часам незвычайна актывізаваўся: ездзіць па рэгіёнах, займаецца кадравымі перастаноўкамі, піша праграмныя артыкулы пра лёс нацыі. Усё гэта, на думку назіральнікаў, нагадвае выбарчую кампанію.

Фота forbes.kz

Фота forbes.kz

Дадатковая прыкмета — просьба да чыноўнікаў не сыходзіць у адпачынак у бліжэйшыя паўгода. Іншымі словамі, Елбасы, здаецца, вырашыў пераабрацца датэрмінова, хоць паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы заканчваюцца ў красавіку 2020 года.

Зрэшты, такое не ўпершыню. Практычна ўсе прэзідэнцкія і парламенцкія выбары за гады незалежнасці праходзілі датэрмінова. Тое, што ў выпадку выбараў Елбасы зноў «элегантна» пераможа, няма сумневаў. Аднак некаторыя асцярожна дапускаюць, што на гэта раз кандыдатам улады будзе нехта іншы.

Казахстан знаходзіцца напярэдадні рэалізацыі іранскай мадэлі падзелу вярхоўнай улады, калі разам з прэзідэнцкай вертыкаллю будзе існаваць уплывовы Савет бяспекі, падначалены першаму кіраўніку. Але з улікам таго, што Назарбаеў не сыходзіць з экранаў тэлебачання, хутчэй за ўсё, на выбары пойдзе менавіта ён.

Дапускаюць, што незбалансаванасць адносін унутры эліты і неабходнасць абкатаць формулу з Саветам бяспекі штурхаюць Назарбаева да правядзення датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў у першай палове 2019 года. Перамога на датэрміновых выбарах дазволіць выйграць час да 2024 года для забеспячэння абсалютна выверанага і гарантаванага транзіту ўлады. З іншага боку, чым скончыцца эксперымент з Саветам бяспекі, прадказваць занадта рана.