Канец доўгай ночы
Два месяцы жыхары Тромсё, найпаўночнага горада Зямлі, абыходзяцца без сонца. 21 студзеня яно вяртаецца ізноў — напачатку, толькі на адну хвіліну ў дзень.
Няма больш нічога, падобнага на гэта. Месяц узвышаецца над сонцам, быццам аглядаючы яго па левай дыяганалі зверху ўніз. Здаецца, ён смяецца над ягонымі спробамі ўлезці на гарызонт. Аднак яму ўдаецца кінуць троху чырвонага святл на вяршыні гор. Знізу змяркаецца дзень. Мы ныраем у прыцемкі. Ужо дванаццаць гадзін апоўдні.
Прыляцець у Тромсё (нарв. Troms) у студзені — значыць быць гатовым атрымаць нейкі сюрэалістычны вопыт. Гэта таксама незвычайна, як незвычайным з’яўляецца і сам горад, які са сваім сямідзесяцітысячным насельніцтвам з’яўляецца найвялікшым горадам паўночнай Нарвегіі, 350 кіламетраў ад палярнага кола, аддалены ад Осла на две гадзіны пералёту — знешні фарпост цывілізацыі і найбольш паўночны горад Зямлі. У сярэдзіне зімы падыходзіць да канца найбольш цяжкі час для жыхароў арктычнага рэгіёна. Два месяцы яны не бачылі сонца. У цёмныя дні неба толькі крыху асвячалася. Калі надвор’е было дрэнным, яно заставалася цёмным дваццаць чатыры гадзіны.
“Што мяне адразу ўразіла, дык гэта экстрымальныя дачыненні света і цемры”, кажа Йенс Йохан Хьорт. “Летам тут прыкладна аднолькава светла, зімой усюды змрок. Толькі потым я заўважыў пэўныя нюансы каляровых адценняў. Ну вось, зараз, гэтае мора з серымі і сінімі адценнямі”, дадае саракагадовы бургамістр Тромсё, які нават у дрэннае надвор’е ходзіць праз свой горад пешу. Ён, як і шмат тутэйшых жыхароў, пераехаў сюды калісьці са сваёй жонкай з паўднёвай Нарвегіі і мае яшчэ шмат чаго зрабіць. Вось зараз ён прамаўляе на адкрыцці арктычнай памежнай канферэнцыі, падчас якой прадстаўнікі прыбярэжных дзяржаў абмяркоўваюць гаспадарчыя і экалагічныя праблемы палярнага кола. Ужо скончыўся міжнародны фестываль кіно. І пачнецца “Northern Lights Festival”, музыкальнае мерапрыемства, падчас якога будуць вядомыя музыканты будуць выконваць творы ад класікі да поп-музыкі.
Тромсё, чые месцазнаходжанне трапна названа “у сярэдзіне нідзе”, зрабіўся прыемным мястэчкам дзякуючы здабычы нарвежскай нафты і газа. Не ў апошнюю чаргу па прычыне арктычнай асобнасці і асаблівасці гэтага месца, дзе нават кандытар выдатна размаўляе па-ангельску, вадзіцель таксі дыскутуе пра змены ў клімаце, з’яўляецца жаданне патануць у атмасферы горада. Дзевяць тысяч студэнтаў, шмат з якіх немцы, вучацца ў Тромсё. Гэта база палярнай экалогіі, вывучэнне Aurora Borealis, паўночнага святла. Будынкі, такія як дзяржаўная бібліятэка, арктычны кафедральны сабор ці палярны акварыум з’яўляюцца найлепшымі аб’ектамі элегантнай, з вялікай колькасці шкла архітэктуры — і амаль усе яны ў той жа час самыя паўночныя ў свеце.
Тромсё знаходзіцца на адной з маленькіх выспаў разрэзанага фьёрдамі паўночнага ўзбярэжжа Нарвегіі. Нават у студзені ў гарадскі цэнтр заплываюць караблі Хурцігрутэна. Адгалінаванні Гальфстрыма робяць ваду свабоднай ад ільду. У людзей няма адчування, што яны адрэзаныя ад астатняга свету. За вялікім хісткім мостам, які звязвае выспу з мацерыком, знаходзяцца апошнія пасяленні. Затым адразу бачныя горы, якія ўздымаюцца на тысячу метраў увышыні. Зімой яны толькі троху пасыпаныя снегам, тэмпературы зрэдку падаюць ніжэй за мінус пяць. Калі не ідзе снег, паветра вельмі чыстае і празрыстае.
Незлічоныя светлыя кропачкі ўсюды і заўсёды ўключаных лампачак, якія асвячаюць кожны дом, кожны мост, кожную вуліцу ўказваюць быццам на дзіўны святочны настрой. Калі ў студзені гэтае асвечанае ліхтарыкамі жыцце сканчваецца, з’яўлецца добрая нагода для сапраўднага свята.
Паводле: Frankfurter Allgemeine
Пераклад Піліпа Падбярозкіна, “Новы час”